Медыкі не заключаюць дамову з брэсцкімі іпэшнікамі на абслугоўванне мітынгу
Індывідуальным прадпрымальнікам у Брэсце мясцовыя медыкі адмовілі ў заключэнні дамовы на медабслугоўванне мітынгу, прызначанага на 4 сакавіка.
Адзін з заяўнікаў акцыі Андрэй Карняйчук 17 лютага звярнуўся ў Брэсцкую гарадскую лякарню хуткай медыцынскай дапамогі, каб падпісаць дамову. У каментары БелаПАН ён паведаміў, што 18 лютага атрымаў адмову: "Сёння я атрымаў адказ на сваю заяву. У ім паведамляецца: на дадзены момант не ўяўляецца магчымым вылучыць брыгаду хуткай медыцынскай дапамогі для абслугоўвання масавага мерапрыемства 4 сакавіка ў сувязі з павышэннем сезоннага захворвання і павелічэннем абслугоўваных выклікаў".
На думку Карнейчука, гэта проста адпіска. На бліжэйшыя два тыдні гарадскія ўлады запланавалі масавыя мерапрыемствы, а гэта значыць, што брыгады хуткай дапамогі на іх вылучаюцца.
Карняйчук звярнуўся ў Брэсцкі гарвыканкам з пісьмовай просьбай даць спіс іншых устаноў аховы здароўя, з якімі можна заключыць дамову. Па яго словах, у такіх умовах падаць заяўку на мітынг 4 сакавіка арганізатары не паспяваюць, але плануюць правесці яго пазней.
Як паведамляла Еўрарадыё, брэсцкія ўлады ўжо сарвалі мітынг іпэшнікаў, запланаваны на 19 лютага. Ад арганізатараў запатрабавалі дамоваў з лякарняй хуткай дапамогі і камунальнымі службамі.
На сваёй акцыі прадпрымальнікі хочуць патрабаваць адмены указаў Аляксандра Лукашэнкі №222 і №48, якія рэгламентуюць іх дзейнасць.