Менш сталі піць у раёне, дзе працуе вінзавод

За непрацяглы перыяд дзеяння забароны на продаж "чарнілаў" у Слуцкім раёне ўпершыню за апошнія 5 гадоў атрымалася дамагчыся змяншэння злачынстваў, — такую справаздачу давалі два гады таму. Эксперымент з поўнай забаронай на продаж "чарнілаў" пачаўся ў сакавіку 2011 года.
 
"Можа, года паўтара ці два ён быў. Але ўжо адменены і сышоў у гісторыю", — распавядаюць Еўрарадыё ў райвыканкаме.
 
Паводле дадзеных Белстата, "п'яных" злачынстваў у Слуцкім раёне ў 2007 годзе было 310, у 2010 — 366, а за 2011 год стала на адно меней — 365. Гэта дзякуючы забароне ці нягледзячы на яе?
 
Адным з рэкардсменаў па зніжэнні злачынстваў, зробленых у стане алкагольнага ап'янення, з'яўляецца Полацкі раён. Тут у 2007 годзе было 157, а ў 2011-м стала 62 злачынствы.
 
Міліцыя дае яшчэ меншыя лічбы: 45 злачынстваў у 2011 годзе і столькі ж — у 2012-м. Сухога закону тут… не ўводзілі. "П'яную" злачыннасць тут… закадзіравалі
 
"Праводзіцца комплекс прафілактычных прац. У кожным сельсавеце разглядаюцца асобы, якія вядуць асацыяльны лад жыцця і злоўжываюць. Таксама ўжываецца кадыроўка. Калі мінулыя гады гэта была адна з ключавых пазіцый, то цяпер гэта праблема для Полацкага рэгіёна не столькі актуальная", — кажуць у Полацкай міліцыі.
 
Дык вось у чым сакрэт поспеху! Гаспадаркі з уласнай ініцыятывы прапануюць пітушчым супрацоўнікам закадзіравацца, каб тыя не пілі і лепш працавалі.
 
У Талачынскім раёне знаходзіцца завод, які вырабляе "чарнілы". Тут колькасць "п'яных" злачынстваў… знізілася! Ды амаль у тры разы! У 2007 годзе было 184, а ў 2011 стала 64.
 
"Праводзім прафілактычную працу. Выступаем у працоўных калектывах, па месцы жыхарства. Праводзім рэйдавыя мерапрыемствы. Пэўны час уводзілі дні цвярозасці і абмежаванне па часе продажу спіртных напояў", — распавядаюць Еўрарадыё ў мясцовай міліцыі. Праўда, свежыя дадзеныя даць чамусьці не захацелі.
 
А вось у Бераставіцкім раёне адбыўся невялікі рост. Праўда, там і было няшмат злачынстваў. Усяго толькі 32 у стане алкагольнага ап'янення за 2007 год і 49 — за 2011. Тут алкаголь не прадаюць па пятніцах, у “святы” алкагольны дзень!
 
"Мы адны з першых раёнаў абмежавалі час продажу, пасля сёмай вечара ў крамах не прадаюць. Кожную пятніцу была забарона на продаж. І цяпер працягваем прымаць адэкватныя меры", — кажуць Еўрарадыё ў раённай міліцыі. Насамрэч падвышэнне адбылося за кошт увядзення статыстычных картак і лепшай працы даішнікаў, якія пачалі лавіць больш п'яных за рулём.
 
"У асноўным пераважаюць крадзяжы. Раён сельскі, не вялікі. Пару дзівакоў напракудзяць, на серыю зробяць. Але паводле статыстыкі ўсе гэтыя злачынствы здзейсненыя ў стане алкагольнага ап'янення".
 
У 2012 годзе ў Бераставіцкім раёне ўжо менш злачынстваў, па лініі крымінальнага вышуку ўсяго 25.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі