Мэр Масквы — пра прапускную сістэму і цяжкія выпрабаванні

Мэр Масквы — пра прапускную сістэму і цяжкія выпрабаванні

У Маскве з-за каранавіруса ўводзяць прапускны рэжым. Пра гэта ў пятніцу паведаміў мэр расійскай сталіцы Сяргей Сабянін. Паводле яго слоў, гэта адбудзецца ў тры этапы. Пакуль вядомая дата пачатку першага з іх — 13 красавіка. Спачатку прапускі трэба будзе мець для паездак на працу. Калі будзе ўведзены другі этап гэтага рэжыму, то для паездак з іншымі мэтамі. Калі спатрэбіцца трэці этап, то для перасоўвання ўнутры раёна. Сабянін падкрэсліў, што прапускная сістэма будзе мець заяўны характар, але ўлады маюць права правяраць праўдзівасць звестак. Іншых дэталяў ён пакуль не агучыў.

"У бліжэйшыя дні і тыдні нас чакаюць цяжкія выпрабаванні... Як толькі пагроза заражэння адступіць, Масква адразу ж пачне вяртанне да нармальнага рытму жыцця", — папярэджвае мэр Сабянін у сваім відэазвароце.

Чаму ўлады Масквы з санкцыі кіраўніцтва краіны пайшлі на такі крок? Сяргей Сабянін кажа, што з панядзелка стала рэзка пагаршацца сітуацыя з каранавірусам: замест штодзённых 500 чалавек у бальніцы паступае 1300. І калі тэндэнцыя захаваецца, медыкі проста не саўладаюць з патокам заражаных COVID-19. У расійскай сталіцы "будуць пераабсталяваны дадатковыя шпітальныя магутнасці", створаць "амбулаторныя цэнтры па барацьбе з каранавірусам". Штодня робіцца 17 тысяч тэстаў і іх колькасць з кожным днём будуць нарошчваць. На тыдзень абмяжоўваецца ці спыняецца праца прадпрыемстваў і арганізацый (з магчымасцю працягнення тэрміну). Працягнуць працу толькі тыя прадпрыемствы, якія неабходныя для функцыянавання горада, і тыя, што нельга спыніць. Органы ўлады, СМІ, праваахоўнікі, банкі, арганізацыі сувязі і транспарту павінны максімальна перавесці сваіх супрацоўнікаў на рэжым дыстанцыйнай працы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі