“Месцаў для лаяльных апазіцыянераў у парламенце няма”
Уладзе не патрэбныя апазіцыянеры ў парламенце, таму наўрад ці хто з прадстаўнікоў дэмакратычных сіл зможа выйграць на выбарах, якія пройдуць у Беларусі 11 верасня. Такое меркаванне выказалі ў эфіры Еўрарадыё палітолаг Юрый Чавусаў і эксперт у галіне выбарчага права Сяргей Альфер. Эксперты прааналізавалі старт выбарчай кампаніі. Слухаць размову цалкам:
— Задача ўладаў, каб выбары прайшлі ў такім жа рэчышчы, як Усебеларускі народны сход.
— Парламент перастаў быць месцам, дзе стартуюць палітычныя кар’еры, ён стаў месцам, дзе палітычныя кар’еры завяршаюцца.
— Няма патрэбы прапускаць у парламент нават Гайдукевіча. Вельмі дорага трымаць бутафорскую палітычную сістэму.
— Падзенне даходаў насельніцтва цяпер такое, што любы альтэрнатыўны кандыдат будзе прыцягваць увагу.
— Сёлета зручная сітуацыя для апазіцыянераў, каб крытыкаваць дэпутатаў, якія зноў ідуць у парламент: вы ўвялі падатак на дармаедства, збор на аўтамабілі і іншыя зборы, вы ўступілі ў Еўразійскі саюз…
— Ужо выпрацаваная методыка, як прадстаўляць гэтыя выбары замежным назіральнікам: не трэба нічога мяняць, дастаткова памяняць рыторыку.
— Сёлета прэтэндэнты, якім адмовяць у рэгістрацыі ў якасці кандыдатаў, не змогуць паскардзіцца ў ведамства спадарыні Ярмошынай. Цяпер гэта ўсё застанецца на абласным узроўні і будзе менш заўважным для міжнародных назіральнікаў.
— Апазіцыйныя партыі падыходзяць да выбараў больш сур’ёзна і адказна.
— У Беларусі сама працэдура падліку галасоў такая, што нават сябры камісіі не ведаюць вынікаў па сваім участку. Кожны сябра камісіі лічыць невялічкі стосік бюлетэняў, а пасля таемна перадае дадзеныя старшыні. Я думаю, ад гэтай практыкі адмаўляцца не будуць.
— Уладам няма патрэбы рабіць нейкія больш складаныя схемы ў параўнанні з ранейшымі кампаніямі. Ужо тры апошнія кампаніі ўсе спісы кандыдатаў ад улады фармуюцца цэнтралізавана Адміністрацыяй прэзідэнта. Сёлета ўлады ўжо вылучаюць і спарынг-партнёраў: нейкія студэнты, ніжэйшыя чыноўнікі, БРСМаўцы.
— Істотнае адрозненне сёлетніх выбараў толькі адно: чатыры гады таму для таго, каб перамагчы, неабходна было набраць больш за 50% галасоў, цяпер — простую большасць галасоў выбаршчыкаў.
— Цэнтрвыбаркам ціхенька пазбаўляецца ад усіх людзей, якія маглі хоць нейкім чынам выступіць, сказаць, запярэчыць.
— ЦВК дзеля АБСЕ рэкамендавала мясцовым выканкамам фармаваць камісіі на конкурснай аснове. І сама Ярмошына прызнала, што так камісіі не фармаваліся, а фармаваліся як раней: падбіраліся пэўныя кандыдаты, потым кулуарна зацвярджаліся ў выканкамах, а пасля іх зацвярджалі на пасяджэннях.
— Улада фармуе выбарчыя камісіі пад сябе. Таму з падлікам галасоў будзе тое ж самае, што і з фармаваннем камісій. Сябры камісій будуць выконваць усе патрабаванні мясцовых выканкамаў, і не звяртаць увагу на патрабаванні ЦВК.
— Месцаў для лаяльных апазіцыянераў у парламенце няма. Навошта там патрэбная ўмоўная Караткевіч або Дзмітрыеў? Навошта ўводзіць туды людзей, якія сёння могуць быць лаяльнымі, як Фралоў, Парфяновіч, Скрабец, а заўтра ў іх з’явяцца іншыя погляды? Лепей прапусціць туды людзей, пра якіх ведаюць, што яны будуць абсалютна кантраляваныя.
— Калі б нехта з апазіцыянераў прынёс паперу і гарантаваў, што калі стане дэпутатам, то за ім прыйдзе адразу 50 мільёнаў долараў інвестыцый, то, думаю, ён стаў бы дэпутатам.
— Парламент не выконвае функцыю парламента.
— Мне здаецца, што і ў цяперашнім, і ў мінулым, і ў пазамінулым складзе Палаты прадстаўнікоў была вельмі вялікая колькасць дэпутатаў, якія мелі вельмі цмяныя ўражанні пра тое, што яны прымаюць, навошта прымаюць гэтыя законы і як гэтыя законы далей будуць працаваць.
— Выказванне Лукашэнкі пра тое, што ў парламенце патрэбная апазіцыя — гэта несур’ёзна. Ніхто з тых, хто прызначаны, не будзе крытыкаваць уладу.
— Я 15 гадоў удзельнічаў у выбарах. Чым старэйшы становішся, тым менш жадання ўдзельнічаць у кампаніі, у якой ты не можаш атрымаць вынік. Я прайшоў усе прыступкі, кандыдат, сябра розных камісій… У мяне гэтага досведу дастаткова, каб не ўдзельнічаць у выбарах у якасці кандыдата.