Метафары эканамістаў пра беларускую эканоміку: памперсы і абсурдны кактэйль
Эксперты распавядаюць Еўрарадыё пра сённяшнюю сітуацыю ў нестандартных параўнаннях.
Долар больш за 15 тысяч — новыя беларускія рэаліі. Мы папрасілі экспертаў распавесці пра сённяшнюю эканамічную сітуацыю ў метафарах і параўнаннях.
Леанід Заіка: “Нейкае дно вылічваць… дна валютнай палітыкі ў нас няма, замест яго пракладка з дзіцячых памперсаў, якая трымае 24 гадзіны, пасля цячэ. У Беларусі памперснае дно, калі гаварыць вобразна. Дарэчы, беларускае насельніцтва больш прасунутае за расійскае, у нас разумеюць, што трэба жыць па долары. Падзенне даходаў мусіць прывесці да памяншэння попыту на долары. У павелічэнні кошту долара зацікаўленыя экспарцёры і карупцыянеры”.
Сяргей Чалы: “Асабліва новага яны нічога не прыдумалі, сабралі па кавалках тое, што прымалі раней. Ніхто не ўяўляе, да чаго гэта можа прывесці і што будзе. Адбываецца нейкі абсурдны кактэйль, дзе няма логікі. Яны знайшлі нейкую гібрыдную схему і ўзялі самае горшае з мераў, якія былі ў 2009 і 2011 годзе. Рынкі з-за гэтага паралізаваныя. Гэта дзеянні ад адчаю, улады з цяжкасцю разумеюць, што адбываецца”.
Леанід Злотнікаў: “Чаму гэта адбываецца? Гэта ад дыягназу залежыць, ад хваробы. Краіна спажывае больш, чым вырабляе. Нам трэба вярнуць 11 мільярдаў даўгоў, а ў краіне іх няма. Нашы аблігацыі ўжо не возьмуць на рынку еўрабондаў, у нас нізкі крэдытны рэйтынг. Мы трапілі ў фінансавую піраміду: бярэм новы доўг, пакрываем стары. Гэта наша піраміда”.
Сяргей Жбанаў: “Прыгожая назва “валютна-фондавая біржа”, давайце пакінем толькі слова валютная — якія там фонды. Валюта вымяраецца тым, што ёсць у нас у валютных рэзервах. І гэтым тлумачыцца механізм, па якім працуе біржа, ён іржавы і павольна праварочваецца. Па прынцыпе: гэтаму дала, гэтаму дала, а таму не дала. Яблык ёсць адзін, а дзяцей — пяцёра. Дзяржава найперш сябе абслугоўвае”.
Яраслаў Раманчук: “Я б параўнаў тое, што цяпер адбываецца, з пачаткам 90-х, калі старая сістэма, заснаваная на газе і на рэсурсах, пачала даваць збоі. Скончылася эра паліўнай эканомікі. І мы ад гэтага паліва мелі 15% нашых грошай. Сёння гэтых грошай не будзе. Гэта можна параўнаць з другой спробай выхаду з Савецкага саюза. Гэта ўнікальны шанец. Фіксаваць курс і кошты сёння — самагубства. Тое, што робіць Мінгандлю і Савет міністраў — гэта самагубства эканомікі”.