Мікалай Аўтуховіч выступіў са зваротам да сілавікоў
Вядомы актывіст Мікалай Аўтуховіч апублікаваў у сацсетках зварот да супрацоўнікаў сілавых структураў. Зварот апублікаваны ў 20-ю гадавіну знікнення экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі.
Аўтуховіч нагадаў, што ўдзельнічаў у баявых дзеяннях у Афганістане, "стварыў свой бізнэс, змагаўся з карупцыяй і быў адпраўлены за гэта ў турму на восем з паловай гадоў".
Ён нагадаў, што сілавікі абавязаныя абараняць інтарэсы народа і дзяржавы, а не рэжыму. Сітуацыю ў краіне ён ахарактарызаваў як "знясіленне эканомікі, жабрацтва народа і дэградацыя ўсіх сфер сацыяльнага жыцця — ад адукацыі і аховы здароўя да пенсійнай сістэмы".
Аўтуховіч заявіў, што Аляксандр Лукашэнка "і яго саўдзельнікі" трымаюць уладу незаконнымі метадамі. "Вас часта вымушаюць парушаць Закон, здзяйсняць службовыя злачынствы. Такое не раз было і ў іншых краінах. Дастаткова ўспомніць досвед фашысцкай Германіі, а таксама знішчэнне насельніцтва сваёй краіны органамі НКУС. Вы ўсе выдатна памятаеце, да чаго гэта прывяло. У вас ёсць магчымасць адмовіцца ад выканання заведама злачынных загадаў. Рана ці позна гэты выбар давядзецца зрабіць", — заклікае ён. Актывіст кажа, што ён дакументае выпадкі, калі сілавікі выконваюць злачынныя загады.
Таксама Аўтуховіч заявіў, што мае план па аднаўленні законнасці і справядлівасці ў краіне. Рэалізаваць гэты план ён мяркуе разам са сваёй камандай.
"Сілавікоў, якія будуць кінутыя на маё затрыманне, папярэджваю, што гатовы абараняць сябе любымі даступнымі мне спосабамі. Заклікаю вас памятаць пра свой афіцэрскі гонару і абавязак, успомніць пра тое, каму вы служыце. Вы павінны служыць толькі беларускаму народу і нікому больш!" — піша ён.
Актывіст заклікае сілавікоў падтрымаць патрабаванні народа ці проста не выконваць злачынныя загады.
Раней Аўтуховіч апублікаваў адкрыты зварот да Аляксандра Лукашэнкі з патрабаваннем сысці ў адстаўку на працягу 30 дзён.