Мікрааўтобус з апаратурай для мітынгу Ціханоўскай не прапускаюць у мінскі парк
Раніцай 6 жніўня мікрааўтобус з апаратурай для мітынгу кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай не прапускаюць у мінскі парк Дружбы народаў. Ён запланаваны на вечар чацвярга. Аднак у парку ўлады арганізуюць іншае мерапрыемства — святкаванне Дня чыгуначных войскаў. І там да яго ўжо рыхтуюцца.
Прысутная на месцы давераная асоба Ціханоўскай Вольга Кавалькова кажа, што на тым заездзе, праз які на мінулы мітынг завозілі апаратуру, супрацоўнік ДАІ мікрааўтобус не прапусціў (але аўтамабілі, якія прывозяць грузы для святкавання Дня чыгуначных войскаў, заязджаюць). Ён прапанаваў заехаць у іншым месцы. Але і там праезд для яго перакрылі ДАІшнікі. Яны раяць прадстаўнікам Святланы Ціханоўскай звярнуцца ў ДАІ Савецкага раёна. Кіроўцу выпісалі штраф.
Супрацоўнік у цывільным здымае Кавалькову і журналістаў на відэа. Прадстаўляцца ён адмаўляецца.
"Усё тое, што адбываецца, гэта абсалютна незаконна", — кажа Вольга Кавалькова. Яна абураная, што сталічныя ўлады загадзя не паведамілі штабу Ціханоўскай пра тое, што пляцоўка ў парку Дружбы народаў будзе занятая іншым мерапрыемствам. "Улады сёння груба парушаюць выбарчае заканадаўства і Канстытуцыю", — заяўляе Кавалькова. Яна заклікае прыхільнікаў кандыдата ў прэзідэнты сачыць за навінамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.