Міліцыя будзе даглядаць удзельнікаў акцыі 25 сакавіка каля Опернага тэатра
ГУУС Мінгарвыканкама выступіў са спецыяльнай заявай з нагоды акцыі 25 сакавіка ў Мінску. Нагадаем, што дазволеная Мінгарвыканкамам акцыя (мітынг і канцэрт) пройдзе ў нядзелю з 13.00 да 19.00.
Як падкрэсліваецца ў заяве, міліцыянты будуць праводзіць "асабісты дагляд грамадзян і дагляд iх рэчаў, у тым ліку з дапамогай тэхнічных і спецыяльных сродкаў". Тыя, хто адмовіцца ад асабістага дагляду альбо дагляду рэчаў, не будзе дапушчаны на месца правядзення акцыі. Гэта робіцца ў адпаведнасці з законам "Аб масавых мерапрыемствах".
Дарэчы, у 18.00 у Вялікім тэатры оперы і балету пачнецца паказ "Лебядзинага возера". Гледачам, якія будуць ісці ў тэатр на спектакль, для больш зручнага і хуткага праходу рэкамендуюць ісці праз вуліцу Алаізы Пашкевіч. "Для гэтага неабходна мець пры сабе квіткі на паказ", — дадае прэс-служба сталічнай міліцыі.