Міліцыя патлумачыла, чаму Лукашэнку не аштрафавалі за язду на аўто непрышпіленым

Міліцыя патлумачыла, чаму Лукашэнку не аштрафавалі за язду на аўто непрышпіленым

Мінскае РАУС адказала на пытанне, чаму на кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку не распачатая справа за непрышпілены рэмень бяспекі падчас кіравання аўто. Адказ у пісьмовай форме атрымаў грамадзянін Коўтун В. В. Дакумент падпісаў кіраўнік міліцыі Мінскага раёна Сяргей Семяніда.

“З улікам адсутнасці падзеі адміністрацыйнага правапарушэння падставы для пачатку адміністрацыйнага працэсу адсутнічаюць”, — паведамляецца ў адказе.

 

Міліцыя патлумачыла, чаму Лукашэнку не аштрафавалі за язду на аўто непрышпіленым

ДАІ спасылаецца на пункт 1 часткі 1 артыкула 9.6 адміністрацыйнага кодэкса — “Адсутнасць падзеі адміністрацыйнага правапарушэння”. Хоць у сеціве ёсць і фота, і відэадоказы.

Нагадаем, што 6 кастрычніка на сайце БЕЛТА з’явіліся здымкі, як Аляксандр Лукашэнка адкрывае МКАД-2. Кіраўнік дзяржавы вырашыў самастойна праехацца на “Мерсэдэсе” па новай дарозе. На фота бачна, што ён знаходзіцца за рулём непрышпіленым.

Таксама тэлеканал “Беларусь-1” распаўсюдзіў кадры, на якіх бачна, як непрышпілены рэменем Лукашэнка тэстуе новую кальцавую. 

Паводле правілаў дарожнага руху, не карыстацца рэменем бяспекі дазваляецца толькі  інструктарам аўташкол, пасажырам аўтамабіляў спецпрызначэння, таксістам у населеным пункце і асобам, у якіх ёсць медыцынскія супрацьпаказанні (генералізаваная форма свярбячых, булёзных, мокнучых дэрматозаў і цяжарнасць). Выглядае, што прэзідэнт у гэты спіс не трапляе. Значыць, як палічылі многія, па законе Аляксандра Лукашэнку павінныя аштрафаваць.  

Еўрарадыё звязалася з аддзяленнем агітацыі і прапаганды ДАІ УУС Мінаблвыканкама, каб прафесіяналы патлумачылі, чаму было прынятае рашэнне не прыцягваць кіраўніка Беларусі да адказнасці. Начальнік падраздзялення Алег Цюрын на пытанне не адказаў, прапанаваў скласці пісьмовы запыт ці звярнуцца непасрэдна да Сяргей Барана — начальніка ДАІ Мінскага раёна, які складаў адказ грамадзяніну Коўтуну В. В. Аднак службовая асоба не адказвала.

У законе “Аб прэзідэнце Рэспублікі Беларусь” прапісаны аб’ёмны шэраг пунктаў, прысвечаных паўнамоцтвам кіраўніка краіны. Але яснага адказу на пытанне, чаму Лукашэнка можа ездзіць непрышпіленым, няма. Магчыма, маецца на ўвазе артыкул 7, дзе сказана, што “прэзідэнт валодае недатыкальнасцю”.

У суседскай Расіі пэўны час таму таксама ўспыхнуў скандал, калі Уладзімір Пуцін і Дзмітрый Мядзведзеў не карысталіся рамянямі бяспекі падчас язды на аўто. Тады топ-чыноўнікі апраўдваліся, што прышпіліліся адразу пасля таго, як былі зробленыя здымкі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі