Міліцыя перанакіравала скаргу на выбарчую камісію ў... выбарчую камісію
Брэсцкія праваахоўнікі не сталі распачынаць справу аб фальсіфікацыі на выбарах. Нагадаем, што назіральнікі ад Руху "За Свабоду" Дзяніс Турчаняк і Сяргей Вакуленка 12 кастрычніка накіравалі адпаведныя заявы ў пракуратуру.
Падчас датэрміновага галасавання выбаршчыкі ў Брэсце прыйшлі на ўчасткі, але замест бюлетэня апускалі ў скрыню чыстыя аркушы паперы. Бюлетэні яны забіралі з сабой. Такім чынам, у скрыні для датэрміновага галасавання мусілі быць некалькі чыстых аркушаў.
Аднак на ўчастках №53 і №60 аркушы паперы былі замененыя запоўненымі бюлетэнямі. Па словах назіральніка Дзяніса Турчаняка, гэта даказвае, што скрыня для датэрміновага галасавання ўскрывалася.
Па гэтых двух фактах назіральнікі напісалі заяву аб распачынанні крымінальнай справы за падробку дакументаў, звязаных з выбарамі, і загадзя няправільны падлік галасоў.
Аднак пракуратура не стала разглядаць заяву назіральнікаў і перанакіравала яе ў тэрытарыяльную выбарчую камісію, а таксама ў аддзел УУС Маскоўскага раёна Брэста. Адказ з выбарчай камісіі Дзяніс Турчаняк атрымаў на наступны дзень. У ім паведамляецца, што выбары на ўчастку, дзе ён быў назіральнікам, адбыліся ў адпаведнасці з нормамі Выбарчага кодэксу.
“З міліцыі цэлы тыдзень не было адказу. Аднак, вось, днямі я і Сяргей Вакуленка атрымалі адтуль лісты. Адказы цалкам аднолькавыя. У іх паведамляецца, што нашы заявы ад распачынанні крымінальнай справы аддзел унутраных справаў адміністрацыі Маскоўскага раёну перанакіраваў ва ўсё тую ж камісію Маскоўскага раёна Брэста па выбарах прэзідэнта”, — распавядае Дзяніс Турчаняк.
Па яго словах Дзяніса Турчаняка, і пракуратура, і міліцыя парушыла Крымінальна-працэсуальны кодэкс, бо замест правядзення крымінальнай праверкі перанакіравала зварот у некампетэнтны для гэтага орган — тэрытарыяльную выбарчую камісію Маскоўскага раёна Брэста.
Турчаняк: “Сам факт таго, што заява аб распачынанні крымінальнай справы была перанакіраваная ў орган, які з’яўляецца органам крымінальнага пераследу, кажа пра тое, што міліцыя проста не хацела займацца гэтай справай, і сама пайшла на парушэнне. Гэта парушэнне заканадаўства, таму за такое “адфутбольванне” сама міліцыя павінна павесці пакаранне ў выглядзе дысцыплінарнага спагнання”.
Абскарджваць адказ тэрытарыяльнай выбарчай камісіі, якая ў сваёй працы прадказальна фактаў фальсіфікацыі не знайшла, актывіст не збіраецца. Назіральнікі напісалі скаргі на дзеянні праваахоўнікаў, якія не пажадалі праверыць заявы аб фактах фальсіфікацыі.
Турчаняк: “Міліцыя не правяла ніякай праверкі, чым парушыла крымінальна-працэсуальнае заканадаўства, якое дакладна прадугледжвае, што па любых заявах павінны праводзіцца праверкі, і ўжо пасля іх, праверак, мусяць рабіцца высновы: ёсць здеянне, якое караецца крымінальна, ці яго няма… Ніякай праверкі не было, то бок тут ужо парушэнне з боку міліцыянтаў. Такія дзеянні міліцыі мы і абскардзілі ў пракуратуры”.
Фота — natal.by