Міліцыянта закрылі на балконе, ён крычаў: “Адчыніце! Адчыніце зараз жа!”
Еўрарадыё знайшло кватэру, у якой 1 кастрычніка міліцыянт стрэліў у хулігана. Жыхарка суседняй кватэры Юлія, якая і выклікала патруль, каб супакоіць шумную кампанію, распавяла нам падрабязнасці здарэння.
З яе слоў, п’янка ў аднапакаёўцы працягвалася ўжо другі дзень, а ўсе сямёра чалавек, якія знаходзіліся ў кватэры, паводзілі сябе неадэкватна.
“Адбылося ўсё прыкладна а 19-й [1 кастрычніка]. Міліцыя прыехала і пачала пытацца, хто тыя людзі, якія знаходзяцца ў кватэры, дзе гаспадар. Далей нічога не было чутна, — распавядае Юлія, чыя кватэра знаходзіцца па суседстве. — Прыкладна праз 15 хвілін знянацку стала гучна чуваць рэальную бойку. Падаецца, у міліцыянтаў рэальна спрабавалі адабраць пісталет. А аднаго з іх увогуле закрылі на балконе! Было добра чуваць, як той крычаў: "Адчыніце! Адчыніце зараз жа!"”
Звычайны арэндны дом
Вуліца Паўліны Мядзёлкі знаходзіцца на ўскрайку Мінска ў мікрараёне “Навінкі”. Здарэнне адбылося ў звычайнай 10-павярховай панэльцы. Будынак параўнальна новы: большасць жыхароў яшчэ нават не паспела памяняць стандартныя белыя дзверы на іншыя, больш надзейныя. Сёння ў дварах ціха: чуваць толькі гукі будоўлі, якая знаходзіцца побач.
У інфармацыі, якую распаўсюдзіла пра інцыдэнт прэс-служба мінскай міліцыі, сказана, што дэбашыры выкідалі ў вакно пустыя бутэлькі. Я нічога пад вокнамі не знаходжу. Мужчына з сабакам, які гуляе побач са спартовай пляцоўкай, распавядае, што ўчора ўвечары шмат міліцыі і машына хуткай стаялі каля 3-га пад’езда дома №3. Але што менавіта адбылося, ён не ведае.
Каля пад’езда сустракаю кабету, якая выходзіць на шпацыр з маленькім дзіцём у калясцы. Пачуўшы пытанне, яна адразу адказвае:
“А, дык вы пра тое, як гэтых людзей затрымлівалі ўчора? Вам на сёмы паверх, там гэта ўсё было. Я сама з дзясятага паверха, але магу падказаць, у якой кватэры гэта было. Давайце я вам дзверы адчыню”.
“Піць яны пачалі яшчэ за дзень да гэтага”
На сёмым паверсе цішыня. Адзіныя дзверы ў тамбур зачыненыя. Каля іх — шмат слядоў ад брудных берцаў і невялікія плямы крыві. Дзверы адной з суседніх кватэр адчыняе Юлія, запрашае прайсці да яе і прапануе гарбату. Два велізарныя каты ўважліва сочаць за госцем сваёй гаспадыні.
Як прызнаецца сама Юлія, яна цяпер на бальнічным, таму суседзям-дэбашырам учора банальна не пашчасціла. Пытаюся пра кватэру, у якой адбылася стральба.
“Увогуле, гаспадар гэтай кватэры — нейкі пажылы мужчына, такі пенсіянер, — распавядае жанчына. — Наш дом арэндны, таму як такіх уладальнікаў кватэр тут няма. Самога мужчыну я бачыла толькі некалькі разоў. Ці здаў ён гэтую кватэру, ці гэта нейкія яго знаёмыя, мне невядома. Падаецца, што здаваў. Але з лета, як з’явіліся гэтыя людзі, пачалося наша неспакойнае жыццё.
А ўчора ўвечары там пачалі выясняць адносіны, нейкая бойка распачалася, зноў бутэлькі ляцелі. Таму недзе а палове на сёмую ўвечары я і пазваніла ў міліцыю, каб зразумець, што там увогуле адбываецца і ці можна іх неяк супакоіць. Піць жа яны пачалі яшчэ за дзень да гэтага”.
Каля сёмай гадзіны прыехалі два маладыя міліцыянеры. Спачатку праваахоўнікі зайшлі да Юліі, а потым пагрукаліся ў дзверы суседняй кватэры. А там, як высветлілася, сем чалавек у аднапакаёўцы!
Праз 15 хвілін пасля з’яўлення праваахоўнікаў жанчына пачула гукі бойкі. Са слоў Юліі, людзі сапраўды спрабавалі адабраць пісталет у міліцыянтаў, а аднаго з праваахоўнікаў увогуле закрылі на балконе! Было добра чутна, як той крычаў: “Адчыніце! Адчыніце зараз жа!”
“Мама, там жа страляюць!”
“У нашым доме вельмі дрэнна працуе сувязь. І атрымліваецца так, што мне тэлефануюць з аддзела і пытаюцца: “А што там нашы хлопцы? Прыехалі ці не?” — узгадвае падзеі мінулага вечара Юлія. — Ну, я ім адразу і сказала, каб яны ехалі ратаваць сваіх хлопцаў, бо іх там зараз пазабіваюць. Дзяжурны па тэлефоне прасіў падысці да дзвярэй і паслухаць, што там усё ж такі адбываецца. Але я адмовілася, бо сапраўды было страшна”.
Крыху пазней жанчына пачула, як на калідоры абмяркоўваюць нешта і гучыць фраза: “Блін, ствол забралі!”. Аднак былі гэта дэбашыры ці супрацоўнікі міліцыі, яна не ведае. Юлія не рызыкнула адчыняць дзверы.
“Праз некалькі момантаў два ці тры госці гэтай кватэры пачалі ўцякаць. Ну і як раз у гэты момант я і казала міліцыі па тэлефоне, каб дапамогу высылалі. І вось, праходзіць 2-3 хвіліны — і гучаць стрэлы. Я нават адразу не зразумела, што там адбылося, але мне дачка ўжо сказала: “Мама, там жа страляюць!”. Там і да гэтага велізарны грукат стаяў, таму і не было адразу зразумела”.
Нехта крычаў, што зараз скочыць з балкона, бо не будзе здавацца міліцыі.
“Адзін з іх увогуле пабег у шкарпэтках. Мы даведаліся пра гэта з чата нашага дома ў “Вайберы”. Адна дзяўчына напісала, што нейкія мужчыны забеглі ў яе пад’езд, сядзяць і быццам бы хаваюцца ад некага”.
Пазней, калі прыехала нашмат больш супрацоўнікаў, пачалі выводзіць затрыманых. на месцы здарэння пачалі працаваць следчыя.
Крымінальная справа
Як стала вядома з афіцыйнага паведамлення мінскай міліцыі, у выніку было затрымана сем чалавек. Шасцёра з іх трапілі ў ізалятар, сёмы — у лякарню з кулявым раненнем левай галёнкі.
Падчас падрыхтоўкі матэрыялу афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Юлія Ганчарова паведаміла, што распачатая крымінальная справа:
“У дачыненні да нападніка Цэнтральным раённым аддзелам Следчага камітэта распачатая крымінальная справа па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса — гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў. Праводзяцца неадкладныя следчыя дзеянні”.
Падазраванаму пагражае да шасці гадоў зняволення.