Міліцыянты ўпершыню затрымалі прадаўцоў новых скімераў (фота, відэа)
Супрацоўнікі ўпраўлення па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій МУС разам з калегамі з Гродзенскай вобласці выявілі інтэрнэт-краму, якая спецыялізуецца на продажы скімераў новага ўзору. Такая гандлёвая пляцоўка ў Беларусі была выяўленая ўпершыню паведамляе прэс-служба МУС са словаў намесніка начальніка ўпраўлення "К" Кірыла Вяткіна.
Скімеры — гэта прылады, якія зламыснікі ставяць на банкаматы, каб незаконна счытаць звесткі чужой банкаўскай карткі і атрымаць доступ да яе пін-кода.
Аператыўнікі высветлілі, што рэкламай і продажам гэтых прыладаў займалася група гродзенцаў. У іх канфіскавалі некалькі скімераў. Кошт іх на чорным рынку дасягае некалькіх тысяч долараў. Паведамляецца, што выкарыстаць скімеры планавалася ў шэрагу рэгіёнаў краіны.
Кірыл Вяткін патлумачыў, чым новыя скімеры адрозніваюцца ад ранейшых мадэляў: "Дагэтуль падобныя прылады ўсталёўваліся на прыёмнік банкаўскай карткі і пры ўважлівым разглядзе іх можна было заўважыць. Новыя ж скімеры ўбудоўваюцца ўсярэдзіне банкамата, звонку мацуецца толькі мініяцюрная відэакамера, якая запісвае пін-код трымальніка карткі. Пры гэтым усталяваныя ў шэрагу банкаматаў антыскімінгавыя прылады бяссільныя перад такім спосабам злачыннай дзейнасці".
На затрыманых пачалі крымінальную справу. Праводзіцца расследаванне.