Мінабароны пра збіты беспілотнік: Інфармацыю вывучаем, каментароў няма
Прадстаўнікі ваеннай контрвыведкі таксама ўстрымаліся ад тлумачэння інцыдэнта.
28 траўня непадалёк ад вёскі Картыжы Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці беларускія ваенныя збілі беспілотнік — такую інфармацыю падаў партал TUT.by са спасылкай на невядомага “відавочцу”. Паводле яго словаў, збіты самалёт нібыта, падобны да “БПЛА “Птэра-G0”, са складу беспілотнага авіяцыйнага комплексу “Птэра-СМ” расійскай вытворчасці”. Самае цікавае, што такіх апаратаў няма на ўзбраенні беларускай арміі.
У Міністэрстве абароны Беларусі не пацвярджаюць, але і не абвяргаюць інфармацыю пра збіты беспілотнік.
“Міністэрства абароны вывучае дадзеную інфармацыю. На гэты момант падстаў для каментароў у нас няма”, — заяўляе Еўрарадыё кіраўнік прэс-службы Мінабароны Уладзімір Макараў.
Ва Упраўленні ваеннай контрвыведкі КДБ таксама не здолелі ніякім чынам пракаментаваць інфармацыю. Маўляў, сілы супрацьпаветранай абароны ў любым выпадку падпарадкоўваюцца ваенным. А па словах “відавочцы”, праз хвілін 10 пасля падзення беспілотніка на месца здарэння прыехалі беларускія ваенныя.