Мінабароны сказала, што за "раптоўная праверка" ідзе на авіябазе ў Мачулішчах

Аэрадром у Мачулішчах / прэс-служба Мінабароны, ілюстрацыйнае фота
Аэрадром у Мачулішчах / прэс-служба Мінабароны, ілюстрацыйнае фота

Праверка вайсковай часці 06752 з'яўляецца і раптоўнай, і планавай. Пра гэта ў эфіры тэлеканала СТБ заявіў намеснік камандуючага ВПС і войскамі СПА па ідэалагічнай рабоце Анатоль Булаўка.

Як паведамляла Еўрарадыё, аб праверцы баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці на авіябазе ў Мачулішчах Мінабароны заявіла 28 верасня. Гаварылася, што адбываецца яна ў адпаведнасці з планам падрыхтоўкі Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны.

Булаўка патлумачыў, як праверка магла быць адначасова і раптоўнай, і планавай: "Нюанс палягае ў тым, што, па-першае, усе раптоўныя праверкі плануюцца адзін раз на год. То бок, гэтае мерапрыемства было спланаванае роўна 13 месяцаў таму". Раптоўнасць, па яго словах, была ў тым, што дата праверкі ў вайсковую часць не паведамлялася.

Таксама ён патлумачыў, чаму ў прэс-рэлізе Мінабароны па Мачулішчах ужывалася словазлучэнне "мабілізацыйная гатоўнасць". Анатоль Булаўка падкрэсліў, што гэта не мае нічога агульнага з мабілізацыяй у абывацельскім сэнсе слова.

Паводле яго, позвы прыйшлі для вайсковых збораў: "Такіх зборавых мерапрыемстваў існуе, прынамсі, чатыры віды, і яны не маюць абсалютна нічога агульнага з мабілізацыяй. Тут важна зразумець: штогод ад 7 да 9 тысяч ваеннаабавязаных праходзяць праз Узброеныя сілы ў рамках удасканалення свайго трошкі страчанага досведу і навыкаў, у рамках удасканалення сваіх дзеянняў, таму што формы і спосабы прымянення войскаў пастаянна змяняюцца".

Як заяўляла Мінабароны, праверка баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці вайсковай часці ў Мачулішчах будзе праходзіць на працягу месяца.

Гэтая праверка адбываецца на фоне вайны ва Украіне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі