Мінчанку заціснула паміж ліфтам і сцяной шахты
Ратаваць жанчыну, заціснутую ліфтам, давялося мінскім супрацоўнікам Міністэрства па надзвычайных сітуацыях увечары 9 лістапада. Пра гэты выпадак агенцтву БЕЛТА распавяла афіцыйная прадстаўніца МНС па Мінску Вольга Мельчанка.
Паведамленне пра інцыдэнт ратавальнікі атрымалі ў 19.25. У доме №27 па вуліцы Ляшчынскага на ўзроўні трэцяга паверху жанчына апынулася заціснутай паміж ліфтам і сцяной шахты.
Вызваліць яе ратавальнікам удалося з дапамогай гідраўлічнага інструмента. Пасля гэтага жанчыну з падазрэннем на пералом галёнкі даставілі ў лякарню.
Якім чынам пацярпелая апынулася паміж ліфтам і сцяной шахты, не паведамляецца.