Мінэканомікі распрацоўвае новую канцэпцыю падтрымкі прадпрымальнікаў
Фота: Melvin A / www.flickr.com
Міністэрства эканомікі распрацоўвае новую канцэпцыю падтрымкі прадпрымальніцтва ў Беларусі. Дакумент павінен быць гатовы да 20 кастрычніка. Пра гэта на прэс-канферэнцыі, прысвечанай Сусветнаму тыдню прадпрымальніцтва, распавёў журналістам намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Матусевіч.
"Яна мусіць паламаць усе стэрэатыпы, якія ёсць, цэнтралізаваць пэўныя фінансавыя рэсурсы. Можа быць, будуць і структурныя змены. Вядзецца вельмі сур'ёзная прапрацоўка: мы пачалі да гэтага падыходзіць яшчэ ў сярэдзіне лета, а цяпер рэзка паскорыліся".
Адным з элементаў новай сістэмы, магчыма, стане гарантыйны фонд падтрымкі малога і сярэдняга бізнесу. Прызначэнне гэтага інстытута — палегчыць прадпрымальнікам доступ да крэдытных рэсурсаў, выступаючы даручальнікам перад банкамі і іншымі фінансавымі ўстановамі.
Дзмітрый Матусевіч не стаў раскрываць дэталяў дакумента, з гумарам адказаўшы на пытанне пра іх:
"Сёння ў нас працуюць праграмы [фінансавай падтрымкі ад] розных банкаў. У нас ёсць Беларускі фонд фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў. У нас ёсць праграмы падтрымкі фермераў, праграмы падтрымкі інавацый, праграмы падтрымкі праграм падтрымкі, міжнародная тэхнічная дапамога і гэтак далей. Мы спрабуем усё гэта сістэматызаваць, перагледзець яшчэ раз, і, магчыма, выдаць нейкі прадукт".
Сусветны тыдзень прадпрымальніцтва пройдзе з 12 па 18 лістапада. У Беларусі базай для яго стане выставачны цэнтр Белэкспа на праспекце Пераможцаў у Мінску. Поўную праграму можна паглядзець на сайце GEW.by.