Мінфін прыдумаў, як расплаціцца па еўрабондах (але не з усімі)
Выплаты атрымаюць толькі грамадзяне "дружалюбных" краін
Міністэрства фінансаў прыдумала, як расплаціцца з замежнікамі, якія неасцярожна ўклаліся ў беларускія "еўрабонды". Еўрабонды можна будзе абмяняць на ўнутраныя дзяржаўныя аблігацыі, прадаць іх эмітэнту са зніжкай або атрымаць суму наяўнымі ў беларускіх рублях.
Але атрымаць выплаты змогуць толькі грамадзяне "дружалюбных" краін, якія купілі каштоўныя паперы да 6 верасня 2022 года.
Беларускі бок прапанаваў расіянам парадак атрымання выплат. Але ў Мінфіне ўдакладнілі, што для гэтага патрэбныя "пэўныя тэхналагічныя дапрацоўкі ў дэпазітарнай сістэме Расійскай Федэрацыі".
Сваіх грошай ад беларускага Мінфіна дамагаецца ініцыятыўная група з 200 чалавек і 30 расійскіх арганізацый. Разлічваючы на добрыя працэнты, яны інвеставалі ў "еўрабонды". Пасля адмовы еўрапейскіх банкаў працаваць з Беларуссю і Расіяй выплаты спыніліся.
Незадаволеныя расіяне падалі ў суд. Яны прапануюць прызнаць Міністэрства фінансаў Беларусі нядобрасумленным пазычальнікам і абмежаваць яго доступ на рынак расійскага капіталу. Таксама інвестары заявілі, што збіраюцца ў Лонданскі міжнародны арбітраж. Пагроза спрацавала — Мінфін прыдумаў схему разліку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.