Мінгандлю: указ № 222 аб рэгуляванні дзейнасці ІП адмяняцца не будзе

Мінгандлю: указ № 222 аб рэгуляванні дзейнасці ІП адмяняцца не будзе

Указ кіраўніка дзяржавы № 222 "Аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці і рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізічнымі асобамі" адмяняцца не будзе. Пра гэта ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1" заявіў міністр гандлю Уладзімір Калтовіч. Раней падобную заяву зрабіў Аляксандр Лукашэнка (гл. відэа).

Паводле слоў Калтовіча, "цяпер задача ўлады і бізнесу — сесці і разабрацца без эмоцый, як працаваць ва ўмовах гэтага ўказа". Ён нагадаў, што гэта і адбываецца — рэгулярна на паседжанні збіраецца працоўная група, у склад якой уваходзяць і чыноўнікі, і прадстаўнікі прадпрымальнікаў. Міністр падкрэсліў, што "ўлада зацікаўленая ў тым, каб бізнес працаваў".

Як вядома, указ № 222 патрабуе ад ІП мець на тавары дакументы, якія пацвярджаюць іх набыццё. Прадпрымальнікі кажуць, што ў той жа Расіі атрымаць іх практычна немагчыма. Каб не патрапіць пад штрафныя санкцыі, сёлета значная частка індывідуальных прадпрымальнікаў у Беларусі прыпыніла працу. На 15 лютага ў Мінску планавалася акцыя пратэсту, але Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне "Перспектыва" адклікала заяўку на яе правядзенне. Праўда, некаторыя дзеячы прадпрымальніцкага руху, былы палітвязень Мікалай Статкевіч заклікаюць да арганізацыі ў панядзелак несанкцыянаванай акцыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі