Мінгарсавет вылучыў дадатковыя грошы на будаўніцтва прэзідэнцкай клінікі
Дэпутаты Мінгарсавета пераразмеркавалі сродкі ў рамках гарадской інвестыцыйнай праграмы на 2017 год. Дадатковыя сродкі накіруюць на будаўніцтва метро, спартыўных аб'ектаў, праекты ў сферы адукацыі і аховы здароўя. Такое рашэнне было зацверджанае 15 верасня на 24-й сесіі Мінскага гарсавета, інфармуе БЕЛТА.
Праект рашэння прадставіў старшыня камітэта будаўніцтва і інвестыцый Мінгарвыканкама Дзмітрый Гурыненка. Па яго словах, дадатковае фінансаванне атрымаюць будаўніцтва Цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па мастацкай гімнастыцы і медыцынскі клінічны цэнтр у Ждановічах (так званая прэзідэнцкая клінінка). Каля 53,2 млн рублёў са сродкаў інавацыйнага фонду Мінгарвыканкама накіруюць на будаўніцтва ўчастка трэцяй лініі мінскага метро.
Як удакладняе tut.by, прэзідэнцкую клініку ў Ждановічах, згодна з пашпартам аб'екта, мусяць здаць да канца 2017 года. Цяпер у будучай лякарні для чыноўнікаў ідуць аздобныя працы.
Новая лякарня мусіць замяніць сабой лечкамісію, размешчаную ў цэнтры Мінска. Указ пра будаўніцтва спецлякарні для чыноўнікаў Аляксандр Лукашэнка падпісаў яшчэ ў 2014 годзе. Прыблізны кошт аб'екта — каля 100 мільёнаў еўра.