Мінгарвыканкам патлумачыў, чаму нельга прыбраць Леніна з плошчы Незалежнасці
Мінгарвыканкам патлумачыў, чаму нельга прыбраць помнік Леніна з плошчы Незалежнасці. Аргументацыя змешчаная ў адказе на петыцыю аб дэмантажы манумента, якую падпісала 800 чалавек. У лісце за подпісам намесніка старшыні Мінгарвыканкама Ігара Юркевіча гаворыцца наступнае:
“Цяпер помнік В.І. Леніну ёсць часткай ансамблю Дома ўраду, які мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці другой катэгорыі і ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Згодна а з раздзелам 16 Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб культуры дадзеная гісторыка-культурная каштоўнасць знаходзіцца пад аховай дзяржавы”.
Складальнікі петыцыі заяўлялі, што “Ленін — гэта чужы нам элемент” і прапаноўвалі перанесці помнік у музей пад адкрытым небам як напамін пра часы, якія не павінны паўтарыцца, перадае Радыё Свабода.