Мінгарвыканкам прапануе Мінадукацыі ўвесці абавязковую школьную форму
Пра гэта заявіў намеснік старшыні выканкама Ігар Карпенка. Ён лічыць, што такое рашэнне падтрымала б айчынных вытворцаў.
Мінскія ўлады звярнуліся ў Міністэрства адукацыі з прапановай увесці абавязковую школьную форму. Пра гэта 21 траўня на сустрэчы з работнікамі трыкатажнай фабрыкі "Алеся" заявіў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Ігар Карпенка.
Як паведамляе агенцтва "Мінск-навіны", гаворка на сустрэчы ішла пра далейшае развіццё прадпрыемства, пра пошук новых рынкаў збыту прадукцыі. Карпенка супакоіў прысутных: "Крызіс не будзе доўжыцца вечна".
Ён таксама распавёў пра тое, што Мінгарвыканкам неаднаразова звяртаўся ў Мінадукацыі наконт увядзення абавязковай школьнай формы. "Гэта стала б пэўнай абаронай і падтрымкай айчыннага вытворцы, стымулявала б развіццё вытворчасці на прадпрыемствах канцэрна "Беллегпрам"... Масавая вытворчасць вопраткі для школьнікаў садзейнічала б патанненню прадукцыі за кошт павелічэння аб'ёмаў, а не зніжэння яе якасці", — сказаў Ігар Карпенка.
Аднак пакуль усе нарматыўныя акты Мінадукацыі адносна школьнай формы носяць толькі рэкамендацыйны характар, кажа чыноўнік.
Фота: minsknews.by