Мінгарвыканкам сказаў, чаму глушыць пратэсты на плошчы Незалежнасці музыкай
Чыноўнікі Мінгарвыканкама патлумачылі, навошта гучна ўключаюць музыку на на вуліцах сталіцы.
Як заўважылі мінчукі, падчас пратэстных акцыяў з гучнагаварыльнікаў часта грыміць музыка, праз якую цяжка пачуць суразмоўцу. Напрыклад, 25 жніўня над плошчай Незалежнасці гучныя спевы гучалі нават пасля 21:00.
Мінчанка Марыя даслала ў гарвыканкам ліст з падзякай за музыку кампазітара Тарывердзіева (з фільма "17 імгненняў вясны"), якая часам гучыць на вуліцах.
"Яшчэ я спытала, Як даведацца загадзя час трансляцый, каб не прапусціць. І як можна разнастаіць рэпертуар, бо нават самая выдатная музыка з часам надакучвае", — тлумачыць дзяўчына ў каментары парталу TUT.by.
У афіцыйным адказе, які падпісаў намеснік старшыні Арцём Цуран, уключэнне музыкі тлумачыцца "мэтай стварэння станоўчага і добрага настрою ў жыхароў і гасцей сталіцы, якія выступаюць у падтрымку міру, спакою і парадку на тэрыторыі горада".
Чыноўнік заяўляе, што ў Мінску праходзяць "несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы". Міліцыя вядзе "актыўную працу па прыцягненні арганізатараў, а таксама іншых удзельнікаў гэтых мерапрыемстваў да адказнасці за парушэнне парадку іх правядзення". А ў сам Мінгарвыканкам тым часам, маўляў, звяртаюцца грамадзяне з просьбай нармалізаваць абстаноўку ў горадзе.
"Зыходзячы з вышэйсказанага, з мэтай стварэння станоўчага і добрага настрою ў жыхароў і гасцей сталіцы /.../ Мінгарвыканкамам было прынята рашэнне аб трансляцыі музычных кампазіцый вядомых кампазітараў", — гаворыцца ў адказе.
Дарэчы, 5 верасня падчас хроснага ходу вакол Чырвонага касцёла на Плошчы Незалежнасці ўключылі песню пра АМАП гурта "Мона Ліза". Меркаванне пра тое, наколькі гэта вядомыя кампазітары, пакінем на сумленні чыноўнікаў Мінгарвыканкама.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.