Мінінфарм не будзе выносіць папярэджанне СТБ за мат у праграме Азаронка
Міністэрства інфармацыі не будзе выносіць папярэджанне тэлеканалу СТБ, дзе ў праграме Рыгора Азаронка некалькі секундаў транслявалася нецэнзурная лексіка. Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным адказе на петыцыю на сайце petitions.by.
Аўтары петыцыі звярнулі ўвагу, што 29 верасня ў выпуску перадачы "Тайныя спружыны палітыкі 2.0", дзе гаварылася пра застрэленага сілавікамі айцішніка Андрэя Зельцэра, у кадры паказалі скрыншоты з каментароў у адным з тэлеграм-каналаў. Некалькі секундаў гледачам паказвалі незарэтушаванае паведамленне са словамі "на**й б**дзь" (пазьней відэазапіс эфіру адрэдагавалі і лаянку замазалі).
Аўтары петыцыі падкрэсліваюць, што праграма ішла ў прайм-тайм і не мела знаку ўзроставага абмежавання. Таксама не было папярэджанняў пра магчымае выкарыстанне нецэнзурнай лексікі. Аўтары лічаць, што гэта парушэнне артыкула 30 Закона "Аб сродках масавай інфармацыі", і просяць вынесці пісьмовае папярэджанне тэлеканалу СТБ.
У адказе за подпісам намесніка міністра Андрэя Кунцэвіча гаворыцца, што тэлеканал СТБ падрыхтаваў разытыя кадры з нецэнзурнымі словамі, "аднак у сувязі з тэхнічным збоем у эфір трапілі кадры, на якіх "размыццё" адсутнічала".
Чыноўнік піша, што на работнікаў, адказных за выпуск праграмы ў эфір, наклалі дысцыплінарнае спагнанне. А сам тэлеканал няма падставаў караць, бо "не падаецца магчымым" выявіць наяўнасць нецэнзурных словаў у тэлепраграме.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.