Міністэрства па падатках і зборах: Увядзенне новых падаткаў — чуткі
Магчымае ўвядзенне падатка на мабільную сувязь і інтэрнэт у падатковай назвалі чуткамі. Пра гэта заявіў намеснік міністра падаткаў і збораў Ігар Клепча.
"Калі браць 2016 год, то зменаў ставак амаль няма. Тое што мы скарацілі нейкія ільготы — гэта патрабаванне часу. Што тычыцца чутак пра ўвядзенне дадатковых падакаў — на сёння гэта чуткі", — заявіў чыноўнік.
Раней партал tut.by са спасылкай на "некалькі інфармаваных крыніц" паведаміў пра праект указа аб увядзенні з 1 сакавіка абаротнага падатку на паслугі сувязі ў памеры 10%. Гаворка ішла пра паслугі мабільнай сувязі, паслугі перадачы дадзеных (гэта значыць паслугі правайдэраў па доступе да інтэрнэту) і IP-ТВ.
У Мінфіне ад каментароў адмовіліся. Неназваны чыноўнік сказаў, што разглядаюцца розныя варыянты, але яны знаходзяцца яшчэ "ў вельмі сырой стадыі".