Міністэрства ЖКГ: Тэхабслугоўванне — гэта залезці на дах і паглядзець на яго стан!

Два месяцы назад Жыллёвы кодэкс абавязаў камунальнікаў распісаць у маёй жыроўцы, што такое тэхабслугоўванне.
Тыдзень таму Саўмін дае паручэнне Міністэрству ЖКГ распрацаваць нарматыўныя акты і растлумачыць, што ж такое тэхабслугоўванне.
 
Сёння ў міністэрстве мяне просяць патэлефанаваць праз два тыдні, бо нічога не гатова.
 
"Пакуль няма гэтага пераліку, што будзе ўваходзіць у тэхабслугоўванне. І ніхто не ведае, што будзе. Мы даўно над гэтым працуем, але вельмі цяжка ўсё ідзе, бо ўсё мяняецца. Не лезьце вы ў гэтыя нетры!” — кажуць у Міністэрстве ЖКГ, і тут мне ўжо становіцца страшна: калі тэхабслугоўванне — гэта "нетры" і ніхто не разбярэцца, акрамя Міністэрства, дык жыроўка — гэта ўвогуле цёмны лес! 
 
А вось у ЖЭСе № 18 галоўны інжынер Аляксандр Міхайлавіч запраста тлумачыць, за што мы плацім штомесяц:
 
“Рамонт падвалаў, даху, месцаў агульнага карыстання, лесвічных клетак, стыкаў. Тое, на што бяруцца грошы і ўкладваюцца. Прыборка пад’ездаў, вываз смецця. Прыкладна так”.
 
Стоп! У мяне ў жыроўцы за вываз смецця асобная графа! 
 
З пачуццём недаказанасці тэлефаную ў ЖРЭА № 1 Фрунзенскага раёна. Тут свая версія! Тэхабслугоўванне ператвараецца ў цякучы рамонт. 
 
“…комплекс прац па ўтрыманні інжынернага абсталявання ў месцах агульнага карыстання. Рамонт даху, ліфта, ці венцель вось замянілі — гэта тэхабслугоўванне. Таксама прыборка, якую фактычна трэба штодзень праводзіць”, — кажуць у ЖЭСе № 1 Фрунзенскага раёна і скардзяцца, што няма каму працаваць. А раней прыходзілі людзі з вышэйшай адукацыяй працаваць дворнікамі! 
 
“…бо ў нас было службовае жыллё, а зараз яго адабралі. Калі кошты папаўзлі ўверх, многія пабеглі з сістэмы! Сярэдні заробак па прадпрыемстве — 3,5 мільёна. У прыбіральшчыка — прыкладна гэтак ж: 3-3,5-4 мільёны. Як у чыноўнікаў, хоць у іх ільготы ёсць”, — параўноўваюць не ў свой бок у ЖРЭА. 
 
Але ўсе азначэнні тэхабслугоўвання перакрэсліваюць у Міністэрстве ЖКГ.
 
“Тэхабслугоўванне — гэта выйсці на дах і паглядзець, у якім ён стане, а бягучы рамонт — гэта выконванне нейкіх прац”, — кажуць у Міністэрстве ЖКГ. 
 
І за тое, што працаўнік прыходзіць на мой дах, глядзіць, ці не цячэ ён, я плачу штомесяц болей за 16 тысяч рублёў? Грошы невялікія, але за год набягае больш за 200 тысяч рублёў. 
 
У маім ЖРЭА № 1 гавораць, што плацім мы яшчэ і малавата.
 
“Дык прыкладна толькі 24% пакрываюць жыхары на тэхабслугоўванне, астатняе з бюджэту!” — кажуць у ЖРЭА.
 
Дарэчы, тэхабслугоўванне за мінулы год вырасла на 42% (з 350 рублёў да 500 рублёў)! Для прыватных унітарных прадпрыемстваў тарыф падымаўся чатыры разы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі