Міністр абароны Украіны — пра зацяжную фазу вайны і беларускае войска

Міністр абароны Украіны — пра зацяжную фазу вайны і беларускае войска

"Вайна пераходзіць у зацяжную фазу", заявіў міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў. Паводле яго слоў, ёсць шмат адзнак таго, што Расія рыхтуецца да правядзення "доўгатэрміновай ваеннай аперацыі". Напрыклад, у Запарожскай і Херсонскай абласцях расіяне актыўна праводзяць інжынерныя і фартыфікацыйныя працы, каб у выпадку неабходнасці перайсці да абароны. Але ўкраінцы поўныя рашучасці "не даць Расіі зацягнуць канфлікт".

"Уздоўж мяжы Украіны з Беларуссю актыўныя манеўры здзяйсняюць беларускія войскі, — гаварыў Рэзнікаў. — Мы вымушаныя трымаць у рэзерве частку сіл на выпадак, калі Масква дацісне Мінск і прымусіць яго на адкрытае ўварванне".

Гэтая заява ўкраінскага міністра абароны прагучала ў яго звароце да Савета замежных спраў ЕС і генсека NATO.

Аляксей Рэзнікаў таксама гаварыў пра знішчаныя з пачатку вайны 17 расійскіх батальённа-тактычных груп, пра тое, што расіяне па-ранейшаму маюць перавагу ў цяжкай зброі: авіяцыі, бронетэхніцы, артылерыі. У Кіеве мяркуюць, што супраць Украіны цяпер задзейнічана каля 167 тысяч салдат і афіцэраў расійскай арміі.

Украіна зацікаўлена ў набыцці зброі "максімальна хутка і ў патрэбных колькасцях". Рэзнікаў адзначыў, што неабходныя танкі, бронемашыны, цяжкая артылеря, ракеты, авіяцыя. "Мы намагаемся зберагчы жыцці нашых людзей", — сказаў ён у выступе перад заходнімі партнёрамі.

"Расію можна перамагчы на полі бою, — працягваў украінскі міністр. — Гэта вызваліць свет ад тыраніі, а Еўропу — ад пастаяннай пагрозы".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі