Міністр адукацыі: У Бразілію паедзе зборная беларускіх рабочых
А таксама служачых. 20-22 траўня ў Беларусі ўпершыню пройдзе конкурс “WorldSkills Belarus-2014”.
Вось што распавёў міністр адукацыі Сяргей Маскевіч:
“Па выніках нацыянальнага тура будзе сфармаваная наша зборная на першынство свету, якое пройдзе ў Бразіліі. Будуць прадстаўнікі Нямеччыны, Расіі, Таджыкістана, Казахстана”.
Агулам у нацыянальных спаборніцтвах прымуць удзел 160 навучэнцаў прафесіянальна-тэхнічных, сярэдне-спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў, паўдзельнічаюць і маладыя рабочыя. Яны пройдуць па 21 дысцыпліне: фрэзерныя, такарныя, зварачныя работы, рэстаранны сэрвіс, кулінарнае мастацтва, мулярныя работы, абліцовачныя работы ды іншыя. Вынікі ацэняць каля 60 экспертаў.
Нагадаем, Беларусь стала 68-м сябрам міжнароднай арганізацыі WorldSkills International у студзені 2014-га. Яе місія — "ў павышэнні статусу і стандартаў прафесійных навыкаў і прафесійнага навучання ва ўсім свеце".
Фота — bymedia.net