“Мінск-Арэна”: 11 канцэртаў за месяц: ці хопіць грошай на відовішчы?

Armin van Buuren, Depeсhe Mode, Ірына Алеграва і Аляксанр Саладуха, Цырк дзю Салей, "Ледніковы перыяд Іллі Авербуха", 30 Seconds to Mars…. Еўрарадыё заўважыла, што цягам бліжэйшага месяца толькі “Мінск-Арэна” ладзіць 11 канцэртаў! Такога яшчэ не было! Ці гатовыя беларусы да падобнага рэйду фінансава?

28 лютага другі раз за год Мінск наведаюць легендарныя Depeсhe Mode. Праўда, ажыятажу, як летась, гэтым разам не назіраецца: Фэйсбук маўчыць, фэны, відаць, здаволіліся леташнім канцэртам. Ды і Depeсhe Mode едуць з тым жа "Тhe Delta Machine Tour".

"100-адсоткавай запоўненасці залы пакуль не маем. Чаму? Гурт прыязджае ў другі раз за апошнія 7 месяцаў, гэта вельмі кароткі прамежак часу. Зразумела, гэта выклікае, магчыма, меншую цікавасць у публікі, — тлумачыць сітуацыю дырэктар кампаніі "Корпорация развлечений" Андрэй Аляксееў. — З іншага боку, за бліжэйшыя 15 дзён акурат збяром тое, што нам трэба. Мы мінулы раз прадалі 115% квіткоў, каб было зразумела. На сёння прыкладна 80-85 адсоткаў".

Напярэдадні Дня ўсіх закаханых нават ладзіцца акцыя: 14-адсоткавая зніжка на квіткі на Depeсhe Mode. Аляксееў кажа, што зніжка — творчы бок бізнеса, а не спроба павялічыць продажы:

"Робім прыемны падарунак на 14 лютага закаханым. Гэта адзін з самых простых і даступных падарункаў, над якім не трэба думаць. Другое — у закаханых ёсць магчымасць некалькі зэканоміць. А трэцяе — пабываць на канцэрце, леташні варыянт якога стаў лепшым прывазным шоў".

Кароль беларускай поп-музыкі Аляксандр Саладуха збіраецца скарыць “Мінск-Арэну” 8 сакавіка.

"Палова залы яшчэ не прададзеная, але ўсё ідзе па плане", — супакойвае Аляксандр і верыць, што канцэрт у "Арэне" і тур па Беларусі ў падтрымку новага альбома прынясуць яму 3 мільярды!

"У 2012 годзе я і мая каманда зарабілі мільярд, а ў 2013 — два мільярды: ставіў план паўтара, а зарабіў два, — распавядае артыст. — План гэтага года — 3 мільярды. Я веру ў гэта на 100 адсоткаў і прыкладаю ўсе намаганні, якія дадзеныя мне Госпадам Богам".

Іншыя бліжэйшыя канцэрты у "Мінск-Арэне" — Armin van Buuren, "Ледніковы перыяд Іллі Авербуха", сольнікі Ірыны Алегравай, амерыканцаў 30 Seconds to Mars і шэсць шоў славутага канадскага Цырка дзю Салей.

"Паціху на ўсё бяруць, — кажуць Еўрарадыё ў касах "Мінск-Арэны". — Але больш на Цырк дзю Салей і на "Ледніковы перыяд Авербуха". Калі глядзець на вераснёўскія продажы квіткоў на Цырк дзю Салей і на сёлетнія, нічога не змянілася. Набываюць людзі квіткі, ходзяць на канцэрты, усё добра".

Квіткі на ўсе канцэрты можна набыць на сэрвісах kvitki.by, biletik.by і ticketpro.by, а таксама ў касах “Мінск-Арэны”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі