Мінск увайшоў у дзясятку самых дарагіх гарадоў былога СССР

Мінск увайшоў у дзясятку самых дарагіх гарадоў былога СССР

Аналітычны партал Numbeo абнародаваў рэйтынг жыцця ў розных гарадах свету Cost of Living Index 2017. Спецыялісты парталу вывучылі кошты жыцця ў 472 гарадах і 121 дзяржаве.

Як піша zautra.by, пры складанні рэйтынгу ўлічваліся такія паказчыкі, як  кошты нерухомасці, тарыфы на камунальныя паслугі, цэны на харчаванне і адзенне.

Мінск — адзіны з беларускіх гарадоў, які трапіў у гэты спіс. У рэйтынгу ён займае 412-е месца ў свеце паводле кошту жыцця.

Аднак на постсавецкай прасторы беларуская сталіца ўваходзіць у дзясятку самых дарагіх гарадоў. Узначальвае яе Рыга (327-е месца ў свеце). Потым ідуць Масква (330), Вільня (335), Тарту (338), Коўна (341), Санкт-Пецярбург (348), Екацерынбург (375), Казань (385), Новасібірск (404).

У першую дзясятку самых дарагіх постсавецкіх гарадоў не трапілі, напрыклад, Ерэван, Кіеў, Баку, Харкаў, Днепрапятроўск, Львоў, Алматы.

Самым дарагім горадам свету эксперты назвалі Гамільтан на Бермудскіх астравах. У першую сусветную дзясятку таксама ўвайшлі швейцарскія гарады Жэнева, Базэль, Цюрых, Цуг, Лазана і Берн, італьянскія Венецыя і Ферара, а таксама нарвежскі Ставангер.

Самым танным горадам рэйтынгу стаў індыйскі Трывандрам: ён апынуўся на 472-м месцы спісу.

У краінавым рэйтынгу Cost of Living Index by country 2017 Беларусь займае 104-е месца. Даражэй, чым у Беларусі, жыць у Эстоніі, Латвіі, Літве, Расіі ды Арменіі. Таннейшае, чым у Беларусі, жыццё ў Казахстане, Малдове, Азербайджане, Грузіі ды Украіне.

Самае дарагое жыццё на Бермудах, самае таннае — у Егіпце.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі