Мінскага інваліда 40 разоў штрафавалі за чужыя парушэнні

Мінскага інваліда 40 разоў штрафавалі за чужыя парушэнні

Інвалід другой групы напісаў заяву ў пракуратуру Мінска. Мужчына абскарджваў адміністрацыйныя пастановы, згодна з якімі яго прыцягвалі да адказнасці за дробнае хуліганства, распіванне спіртных напояў у грамадскім месцы і парушэнне правілаў дарожнага руху пешаходам. Заяўнік прасіў апратэставаць гэтыя пастановы, паведамляе прэс-служба Генпракуратуры.

Мужчына заявіў, што ён не ўчыняў правапарушэнні, у якіх яго вінавацілі. Мінчук патлумачыў, што мае стрыечнага брата, які вядзе асацыяльны лад жыцця і не мае пэўнага месца жыхарства. Пры складанні пратаколаў гэты брат мог назвацца яго імем.

Як высветліла пракуратура, тэрытарыяльныя ўпраўленні міліцыі Мінска "ў 2014-2017 гадах больш за 40 разоў незаконна прыцягнулі да адказнасці асобу без пэўнага месца жыхарства, якая паведаміла пра сябе пры вядзенні адміністрацыйнага працэсу персанальныя дадзеныя заяўніка і якая сапраўды даводзілася яму стрыечным братам", — гаворыцца на сайце Генпракуратуры.

Пасля вынесеных сталічнымі пракурорамі пратэстаў былі адмененыя 33 незаконныя пастановы судоў і міліццыі аб прыцягненні заяўніка да адміністрацыйнай адказнасці.

Таксама сталічная пракуратура даслала ў аддзелы прымусовага выканання лісты, патрабуючы спыніць працу па выканаўчых дакументах у дачыненні да грамадзяніна, які звярнуўся са скаргай.

Паведамляецца, што супрацоўнікі аховы правапарадку, вінаватыя ў неналежным выяўленні асобы правапарушальніка, прыцягнутыя да дысцыплінарнай адказнасці.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі