Мінская міліцыя пра затрыманага “найміта”: 28 гадоў, прыхільнік “Правага сектара
Мінскага гарадская міліцыя раскрыла некаторыя падрабязнасці затрымання “найміта” на чыгуначным вакзале сталіцы. Маладога чалавека, які вёў сябе падазрона і быў незвычайна апрануты, затрымалі раніцай 26 лістапада. Пад верхняй вопраткай у яго знайшлі сталёвую бронекамізэльку. Таксама хлопец меў пісталет, самаробнае выбуховае прыстасаванне, дакументы, даведка аб удзеле ў антытэрарыстычнай аперацыі на ўсходзе Украіны. Пра гэта сёння ў эфіры тэлеканала СТВ паведаміў прэс-сакратар ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі.
Таксама ў затрыманага знайшлі сцяг “Правага сектара”, маску з проразямі для вачэй і розную электраапаратуру. Малады чалавек мае беларускае грамадзянства.
У прэс-службе сталічнай міліцыі Еўрарадыё пацвердзілі гэтую інфармацыю, а таксама ўдакладнілі, што “найміту” 28 гадоў.
Раней стала вядома, што Следчы камітэт завёў на яго справу аб незаконным абароце зброі.
У добраахвотніцкім атрадзе “Пагоня”, які падтрымлівае антытэрарыстычную аперацыю ва Украіне, Еўрарадыё распавялі, што затрыманы ў Мінску чалавек хутчэй за ўсё не іх сябар:
“Нашы людзі са зброяй у Беларусь не ездзяць, таму мы не ведаем, хто затрыманы. Магчыма, гэта чарговы фэйк беларускіх спецслужбаў, накшталт “дохлых пацукоў, якіх у студню кінула апазіцыя, каб атруціць краіну”. Калі гэта не фэйк, выкажу здагадку, што затрымалі чалавека, які ваяваў на баку “ЛНР”. Паколькі, як паведамлялася, меў ён пры сабе два пашпарты. Адным з гэтых дакументаў мог быць пашпарт “ЛНР”, які там выпускалі”.