Мінскі метрапалітэн забараніў рэкламу з Форэстам Гампам па-беларуску
Мінскі метрапалітэн забараніў плакат з Форэстам Гампам і беларускамоўнымі надпісамі. Кіраўнік кампаніі “Кінаконг” Андрэй Кім расказаў, што яны вырашылі парэкламаваць у метро не канкрэтны фільм, а сам брэнд, які займаецца перакладам фільмаў на беларускую мову:
“Мы прыдумалі размяшчаць вядомыя цытаты са знакамітых фільмаў па-беларуску. Пачаць планавалі з “Форэста Гампа”. На плакаце намаляваны знакаміты кадр, дзе Форэст сядзіць на лаўцы, і цытата, якую ён паўтарае на працягу ўсяго фільма: “Жыццё як скрынка шакаладных цукерак”. Адзінае адрозненне ад арыгінальнага кадра ў тым, што Форэст беларускамоўны, таму на ім вышыванка”.
“Метро забараніла гэты білборд. Ім не спадабалася цытата з фільма, ім не спадабаўся слоган “Глядзі кіно па-беларуску” (патрабавалі замяніць), але галоўнае патрабаванне было “перафарбаваць кашулю” (то-бок прыбраць вышыванку)”, — абураецца у “Фэйсбуку” Андрэй Кім.
Гэта не першы раз, калі ў метрапалітэна ёсць прэтэнзіі да рэкламы “Кінаконга”. Летась метрапалітэн забараніў ім размяшчаць знакамітыя цытаты Караткевіча, Коласа, Багушэвіча пра беларускую мову. Пасля доўгіх узгадненняў і пагрозы скандалу дазволілі толькі Якуба Коласа.
Раней з падобнымі праблемамі сутыкаліся Павел Белавус і Symbal.by, калі ў метрапалітэне забаранілі рэкламу інтэрнэт-крамы. Але пасля таго як начальніцы рэкламна-інфармацыйнага аддзела Святлане Зізіка пачалі тэлефанаваць журналісты, у метрапалітэне вырашылі не прыбіраць рэкламу.