Мінскі паўмарафон падаражаў для ўдзельнікаў, але і стане больш масавым

Мінскі паўмарафон падаражаў для ўдзельнікаў, але і стане больш масавым

20 чэрвеня афіцыйна была распачатая рэгістрацыя ўдзельнікаў Мінскага паўмарафону. Ён пройдзе ў Мінску 4 верасня і, па словах старшыні Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзіма Дзевятоўскага, збярэ не менш за 20 тысяч удзельнікаў. Прынамсі, арганізатары на гэта спадзяюцца. Летась, па словах Дзевятоўскага, на ўдзел зарэгістравалася 16 тысяч чалавек, але па інфармацыі міліцыі — бегла каля 19 тысяч.

Што праўда, каб прабегчыся, трэба будзе заплаціць грошы. Нават тым, з каго летась грошы не бралі.

Дзевятоўскі: “Упершыню мы ўводзім такую сімвалічную плату ў 70 тысяч рублёў для тых, хто хоча прабегчы 5 кіламетраў. Ведаеце, бясплатная рэгістрацыя — гэта адсутнасць дысцыпліны. Чалавек зарэгістраваўся і не прыйшоў. Мы патрацілі грошы на чыпы, на нумары, адмовілі тым людзям, якія пазней пачалі рэгістравацца. А людзі ў выніку не прыходзяць”.

Праўда, за гэтыя 70 тысяч рублёў кожны ўдзельнік дыстанцыі атрымае майку, нумар і медаль. Хай сабе і не выйграе — памятны. Для бягуноў на дыстанцыю ў 10 і 21 кіламетр кошт удзелу складае 18 еўра.

Першым ў якасці ганаровага ўдзельніка быў зарэгістраваны міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко. На ўдакладненне Еўрарадыё міністр паабяцаў, што абавязкова прыйдзе на свята і прабяжыць сваю дыстанцыю. Абяцае гэта зрабіць і міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў. Кажа, што не можа адмовіцца, бо сын выклікаў на спаборніцтва. Ці будзе бегчы хтосьці яшчэ з міністраў, невядома. Па словах Аляксандра Шамко, мерапрыемства добраахвотнае і кожны вырашае сам, ці браць у ім удзел.

Дарэчы, міністр адукацыі запэўніў, што нікога са студэнтаў ці школьнікаў удзельнічаць у марафоне не прымушаюць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі