Мінскім экаатывістам не дазволілі правесці мітынг за бяз'ядзерны свет
Заяўку на мітынг падавала грамадскае аб'яднанне "Экадом". Акцыя мусіла прайсці 26 красавіка ў парку Дружбы народаў.
Прадстаўніца аб'яднання Таццяна Новікава атрымала адмову 19 красавіка па пошце. Як паведамляе прэс-служба "Экадома", адмова матываваная тым, што на 26 красавіка была пададзеная іншая заяўка на правядзенне "ў тым ліку мітынгу ў тым жа месцы і ў той жа час з аналагічнай тэматыкай".
Як паведамляла Еўрарадыё, сёлетні "Чарнобыльскі шлях" планаваўся ад кінатэатра "Кастрычнік" да Курапатаў, дзе быў прызначаны мітынг. Таксама была пададзеная заяўка на дадатковы мітынг у парку Дружбы народаў з 18-й да 20-й. Аднак Мінгарвыканкам змяніў фармат правядзення акцыі без узгаднення з аргкамітэтам. У прыватнасці, збор удзельнікаў быў дазволены з 16.00 да 16.30 каля кінатэатра " Кастрычнік". Потым шэсце па праспекце Незалежнасці і вуліцы Сурганава павінна прайсці да парку Дружбы Народаў. З 17.30 да 18.30 там мусіць адбыцца мітынг.
У "Экадоме" кажуць, што прымуць удзел толькі ў дазволеных гарадскімі ўладамі мерапрыемствах.
Фота — bymedia.net