Мінскія чыноўнікі лічаць, што мінакі могуць хадзіць скрозь дрэвы
Мінскія чыноўнікі лічаць, што мінакі могуць хадзіць скрозь дрэвы. Інакш складана зразумець адказ, які блогер і гарадскі актывіст Антон Матолька атрымаў на свой зварот аб велізарнай вулічнай тэрасе рэстарана Café de Paris на вуліцы Карла Маркса.
"Падчас абследавання выяўлена, што тэраса размяшчаецца на адлегласці 1,2 метра ад прыствольнай агароджы дрэва дыяметрам 0,35 метра, што ў сваю чаргу адступае ад праезнай часткі на 1,3 метра. Такім чынам, агульная адлегласць ад тэрасы да праезнай часткі вуліцы складае 2,9 метра", — сказана ў адказе.
1,2 м + 1,3 м = 2,5 м. Астатнія 40 см — гэта тое самае дрэва, пра якое пішуць чыноўнікі!
Кожны з пакінутых пешаходам праходаў па баках дрэва не дацягвае нават да 1,5 метраў. У той жа час, у красавіку 2018 года Мінкульт узгадніў тэрасу з умовай, што кіраўніцтва ўстановы пакіне мінакам не менш за 1,8 метра.
Але адміністрацыю Ленінскага раёна Мінска гэта не вельмі-та хвалюе.
"...размяшчэнне летняй тэрасы рэстарана Café de Paris на пешаходнай частцы па вуліцы Карла Маркса, 8 забяспечвае праход па тратуары, хоць і стварае некаторыя нязручнасці для пешаходаў, можа функцыянаваць у існуючых габарытах", — робяць выснову чыноўнікі.