Мінскія эпідэміёлагі распавялі, каго будуць прышчапляць "Спадарожнікам Лайт"
Міністэрства аховы здароўя паставіла задачу прышчапіць усіх студэнтаў / minsknews.by
Аднакампанентнай расійскай вакцынай "Спадарожнік Лайт" у Мінску будуць прывіваць у першую чаргу студэнтаў і прызыўнікоў. Пра гэта паведамляе агенцтва "Мінск-Навіны" са спасылкай на супрацоўніцу Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Кацярыну Хомчанка.
"Спадарожнік Лайт" (250 тысяч доз) прывезлі ў Беларусь у пачатку верасня. На днях стала вядома, што прэпарат прайшоў кантроль якасці і яго пачалі перадаваць у медустановы краіны.
Раней кіраўнік Міністэрства аховы здароўя Дзмітрый Піневіч казаў, што з прыходам у Беларусь штаму "дэльта" на каранавірусную інфекцыю часцей сталі хварэць маладыя людзі. Таму стаіць задача вакцынаваць ўсіх студэнтаў. А "Спадарожнік Лайт", лічыцца,"эфектыўны для моладзі".
Прышчэпачныя пункты зараз арганізаваны не толькі ў студэнцкай паліклініцы, але і ў інтэрнатах.
Расійская вакцына "Спадарожнік Лайт" таксама паказана тым, хто перахварэў на COVID-19, і для рэвакцынацыі.
Па дадзеных на 23 верасня, хоць бы адну прышчэпку ад каранавіруса ў Беларусі зрабілі крыху больш за 20% беларусаў (больш за 1 942 000 чалавек). Поўны курс вакцынацыі прайшлі 1 548 000 чалавек (гэта каля 17%).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.