Мінскія пляжы ў гэтым сезоне будуць кантраляваць з дапамогай беспілотнікаў
Дрон, ілюстрацыйнае фота
Мінская міліцыя папярэджвае пра новаўвядзенні, якія плануе ўжыць у гэтым сезоне ў месцах адпачынку гараджан. У прыватнасці, для адсочвання сітуацыі на пляжах плануюць выкарыстоўваць дроны. Пра гэта піша агенцтва "Мінск-Навіны" са спасылкай на прадстаўніка ГУУС Мінгарвыканкама Сяргея Прыгодзіча.
Рэсурс нагадвае, што ў Мінску плаваць можна побач с пляжамі на вадасховішчах Цнянскае і Дразды, а таксама на Камсамольскім возеры. Але ёсць яшчэ 11 месцаў масавага адпачынку побач з вадаёмамі, дзе плаваць нельга. Тут можна толькі загараць. За парушэнне прадугледжаны штраф.
У ГУУС папярэдзілі, што супрацоўнікі міліцыі будуць патруляваць зоны адпачынку на роварах і скутэрах. Сілавікі могуць быць у тым ліку і ў цывільным адзенні. Акрамя таго, "у буйных месцах адпачынку, а таксама ў невялікіх, якія знаходзяцца блізка адзін ад аднаго, будзем выкарыстоўваць беспілотныя лятальныя апараты", — папярэдзіў Прыгодзіч. Паводле яго слоў, выкарыстоўваць дроны вырашылі "для кантролю за сітуацыяй і аператыўнага прадухілення няшчасных выпадкаў і спынення правапарушэнняў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.