Мінскую кавярню, дзе рабілі бел-чырвона-белую шаўрму, закрыла санстанцыя
Санстанцыя прыпыніла працу "Экспрэс-шаўрмы" ў Мінску на вуліцы Ленінградскай, 2, піша "Наша Ніва".
Гэтая кавярня здабыла сёлета папулярнасць тым, што стала рабіць бел-чырвона-белую шаўрму. Чарга па такую стравайу часам стаяла па гадзіне.
Таксама ў кавярні давалі зніжку ў 20% тым, хто прыходзіў з белай стужачкай і па прамакодзе "бчб". Такім людзям налівалі бясплатна гарбату і каву.
Паведамляецца, што "Экспрэс шаўрма" дапамагала валанцёрам Акрэсціна, прывозіла ежу на плошчу Перамен (вуліца Чарвякова), а падчас каранавіруса пэўны час бясплатна карміла медыкаў.
Уласніца кропкі Настасся Тэйранава кажа, што іх актыўнасць заўважылі ўлады. Апошні тыдзень да іх зачасцілі праверкі.
"Нібыта на нас нехта напісаў скаргу. Прабачце, ім самім не смешна? Хто будзе скардзіцца пажарным? Тым больш, раней у нас з боку МНС усё было выдатна. Санстанцыя нас дабіла канчаткова: толькі адно выпраўляем, як яны нам іншае прад’яўляюць. У выніку сказалі, калі ўсё не выправім, то справа пойдзе ў пракуратуру", — пералічвае Тэйранава.
Яна кажа, што з уласных крыніцаў даведалася: улады загадалі не даваць ім працаваць. На тэрміновае выпраўленне ўсіх дачэпак работнікам не стае ні грошай, ні сілаў. Гаспадары кавярні не выключаюць, што ім можа спатрэбіцца дапамога людзей.
Дакумент аб прыпыненні працы "Экспрэс шаўрмы" падпісала галоўны санітарны лекар Мінска Святлана Ярмак.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.