Місія МВФ: Падзеі ва Украіне і Расіі пагоршаць стан беларускай эканомікі
З такой заявай выступіў старшыня місіі МВФ у Беларусі Дэвід Хофман.
Місія Міжнароднага валютнага фонду пад яго кіраўніцтвам знаходзілася ў нашай краіне з 17 па 28 красавіка. Падчас візіту місія правяла сустрэчы з віцэ-прэм’ерам Пятром Пракаповічам, старшынёй Нацбанка Надзеяй Ермаковай, міністрам эканомікі Мікалаем Снапковым.
Адказваючы на пытанне, як падзеі ва Украіне і Расіі могуць паўплываць на эканамічнае становішча Беларусі, Хофман адзначыў пагаршэнне сітуацыі для нашай краіны.
Дэвід Хофман: “Расія і Украіна з’яўляюцца вельмі важнымі гандлёвымі партнёрамі для Беларусі. Разам на долю гэтых краін прыходзіцца каля 50% экспарту для Беларусі. Таму складана сабе ўявіць, як рэзкае замядленне росту, а ў выпадку з Украінай і магчымы эканамічны спад, могуць не адбіцца на паказчыках экспарту Беларусі. Гэта што датычыць знешняга гандлю. А да таго ж, у Беларусі працуе шэраг даччыных банкаў рассійскіх банкаў, а беларускія банкі абапіраюцца на ліквіднасць, што прадастаўляюць рассійскія банкі. Таму можа назірацца важны эфект, які дзейнічае праз фінансавыя каналы”.
Таксама старшыня місіі заўважыў, што выдача чарговага крэдыту МВФ для Беларусі падчас гэтага візіту не разглядалася. Па словах Хофмана, эканамічная палітыка, якую рэкамендаваў МВФ, моцна адрозніваецца ад той, якую праводзіць беларускае кіраўніцтва.
Фота — ctv.by