Мітынгі ў цэнтры Кіева забароненыя судом
Аднак збірацца на Міхайлаўскай плошчы пратэстоўцы могуць.
Акруговы адміністратыўны суд Кіева забараніў мітынгі на Майдане Незалежнасці, Еўрапейскай плошчы, вуліцах Банковая, Грушэўскага, Багамольца з 1 снежня 2013 года па 7 студзеня 2014 года, паведамляюць украінскія інфармагенцтвы.
Такім чынам, суд задаволіў пазоў Кіеўскай гарадской адміністрацыі, якую ачольвае сябра Партыі рэгіёнаў Аляксандр Папоў, прызначаны на гэту пасаду прэзідэнтам Віктарам Януковічам. Раней гарадская адміністрацыя паведамляла пра пазоў з просьбай забараніць правядзенне масавых акцыяў на Майдане Незалежнасці, Еўрапейскай плошчы, а таксама ля цэнтральных органаў дзяржаўнай улады. Акцыі на Майдане Незалежнасці забароненыя ў сувязі з неабходнасцю ўсталяваць там навагоднюю ялінку.
Пры гэтым кіраўніцтва гораду не звярталася ў суд з просьбай забараніць мітынгі на іншых вуліцах і плошчах Кіева. Такім чынам, фактычна няма перашкодаў для збораў у парку імя Тараса Шаўчэнкі, Міхайлаўскай і Сафійскай плошчах.
Між тым апазіцыя заклікае ўкраінцаў сабрацца 1 снежня а 12.00 у парку імя Шаўчэнкі і затым мірным шэсцем прайсці да Майдану Незалежнасці.