Мітынгоўцы прагналі міліцыянтаў з Майдану Незалежнасці

Удзельнікі пратэстаў у Кіеве сабраліся ў парку Шаўчэнкі і рушылі адтуль у цэнтр украінскай сталіцы. Прыйшоўшы на Майдан Незалежнасці, яны ў лічаныя хвіліны ачысцілі галоўную плошчу горада ад усталяванай міліцыяй жалезнай агароджы. Пратэстоўцы скандавалі: “Банду геть!”. Міліцыя паспешна пакінула Майдан.



Потым людзі прыбралі з плошчы камунальную тэхніку — трактары і “КамАЗы”. Некалькі чалавек залезлі на жалезны каркас для навагодняй ялінкі і ўсталявалі на ім сцяг Еўрасаюза, інфармуе УНІАН.



На чале шматтысячнага натоўпу, які прыйшоў на Майдан Незалежнасці, — лідары ўкраінскай апазіцыі. Таксама сюды прыйшлі еўрапейскія дыпламаты, віцэ-прэзідэнт Еўрапарламента Яцэк Пратасевіч, былы старшыня Еўрапарламенту Ежы Бузек, былы кіраўнік польскага ўраду, лідар партыі “Закон і справядлівасць” Яраслаў Качыньскі.



Між тым суд забараніў масавыя акцыі на Майдане Незалежнасці і шэрагу цэнтральных вуліц Кіева на перыяд з 1 снежня 2013 года па 7 студзеня 2014 года.



У ноч на 30 лістапада спецназ “Беркут” жорстка разагнаў акцыю на Майдане Незалежнасці, дзясяткі чалавек былі збітыя. Увечары таго ж дня шматтысячная акцыя пратэсту перабралася на Міхайлаўскую плошу.



Пасля інцыдэнту з жорсткім разгонам Еўрамайдану начальнік кіеўскай гарадской міліцыі Валерый Карак заявіў аб адстаўцы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі