MolaMola забараняе збіраць грошы на выплату штрафаў. Чаму і ці законна гэта?

MolaMola забараняе збіраць грошы на выплату штрафаў. Чаму і ці законна гэта?

45-гадовага Дзмітрыя Косцікава прысудзілі да трох гадоў “хіміі” за распальванне варожасці да рускіх . Мужчына хоча абскардзіць прысуд, але не мае на гэта грошай. Яшчэ да вынясення прысуду ён паспрабаваў стварыць праз сайт MolaMola фандрайзінгавую кампанію, каб сабраць грошы на адваката і магчымы штраф. Гэта нядаўна паспяхова зрабіў хлопец з Гродна, якога судзілі за перапост кліпа Rammstein. Але Дзмітрыю Косцікаву платформа адмовіла.

“На жаль, у мэце вашай кампаніі была выяўлена неадпаведнасць дзеючаму заканадаўству РБ у частцы збораў сродкаў на падаткі і штрафы, бо такая дзейнасць можа быць расцэненая як спроба ўхілення вінаватай асобы ад прызначанага пакарання і сплаты падаткаў”, — паведамілі яму ў MolaMola.

MolaMola забараняе збіраць грошы на выплату штрафаў. Чаму і ці законна гэта?

Еўрарадыё разбіраецца, ці  парушае заканадаўства спроба сабраць сродкі на штраф, чаму збор сродкаў на выплату штрафу расцэньваецца як “ухіленне вінаватай асобы ад прызначанага пакарання” і як можна сабраць сродкі на штраф краўдфандынгам без парушэння закона.

Абмежаванняў на тое, адкуль чалавек бярэ грошы на штраф, у законе няма

Адзін са стваральнікаў пляцоўкі Антон Матолька распавёў нам, што рашэнне не запускаць зборы, звязаныя са штрафамі, прынятае “ў сувязі з існаваннем нюансаў у беларускім заканадаўстве”. Што гэта за нюансы, ён удакладніць адмовіўся. Але адзначыў, што на адваката збіраць грошы па-ранейшаму можна.

У праваабарончым цэнтры “Вясна” Еўрарадыё паведамілі, што згодна з заканадаўствам абмежаванняў на тое, як аплачваюцца штрафы і адкуль пры гэтым чалавек бярэ грошы, няма. Аднак сабраныя грошы ў такім выпадку лічацца прыбыткам, з якога трэба плаціць падатак.

Была гісторыя, калі мы збіралі грошы па справе Бяляцкага для кампенсацыі, — згадвае Павел Сапелка, праваабаронца “Вясны”. — І калі яго жонка пайшла дэклараваць гэты прыбытак, то ў яе запатрабавалі даныя ўсіх грамадзян, якія пералічылі ёй сродкі. Але ж ёй пералічвалі наўпрост на спецыяльна адкрыты рахунак. Таму яна афіцыйна аформіла ўсё як прыбытак, сплаціла адпаведны налог, а даныя людзей яна атрымала ў банку. І ўсё”.

“Гэта рашэнне нашай кампаніі”

Пра тое, што на адваката збіраць грошы можна, распавяла і кіраўніца праекта Святлана Елісеенка. Яна растлумачыла, што прычына адмовы ў рашэнні кіраўніцтва кампаніі:

“Варта адзначыць, што мы можам адхіляць правядзенне любой кампаніі без тлумачэнняў. Што тычыцца збору грошай на штрафы — існуюць пытанні з юрыдычнага боку. Ёсць базавыя юрыдычныя паняцці аб тым, што калі прысуджана пакаранне, то для выпраўлення ці разумення неабходнасці выпраўлення гэтае пакаранне нясе сама асоба. У дадзеным выпадку наша платформа вырашыла, што зборы грошай на штрафы можна расцэньваць як ухіленне [ад пакарання]”.

Крыху пазней у Дзмітрыя Косцікава ўсё ж атрымалася запусціць збор сродкаў, але ўжо менавіта на працу адваката падчас абскарджвання прысуду. На працу абаронцаў і сплату судовых выдаткаў, па яго падліках, спатрэбіцца каля 3000 рублёў.

Падтрымаць асуджанага можна па гэтай СПАСЫЛЦЫ.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі