МПЗ: У складанай жыццёвай сітуацыі "падатак на дармаедства" могуць адмяніць
Больш за 50 тысяч паведамленняў ад Міністэрства па падатках і зборах атрымалі беларусы, якія лічацца "дармаедамі". Такую лічбу назвала намесніца міністра па падатках і зборах Святлана Шаўчэнка падчас брыфінгу ў прэс-цэнтры БЕЛТА.
Разам з тым чыноўніца паведаміла, што некаторыя з атрымальнікаў "лістоў шчасця" ад МПЗ могуць быць вызваленыя ад уплаты дзяржаўнага збору. Такая мера прадугледжаная, калі чалавек апынуўся ў складанай жыццёвай сітуацыі.
"У жыцці ў любога чалавека бываюць розныя сітуацыі. Можа скласціся так, што чалавек па тых ці іншых прычынах плацельшчык збору, і ў яго цяжкае фінансавае становішча, жыццёвыя абставіны. У гэтым выпадку прадугледжаная магчымасць звароту ў мясцовыя органы ўлады па пытанні вызвалення ад выплаты збору. І грамадзяне могуць гэтым карыстацца", — цытуе БЕЛТА словы Шаўчэнка.
Намесніца міністра паведаміла, што грамадзяне ў цяжкой жыццёвай сітуацыі могуць падаваць заявы ў мясцовыя органы ўлады.