МУС абвяргае інфармацыю пра галадоўку ў жодзінскай турме №8

МУС абвяргае інфармацыю пра галадоўку ў жодзінскай турме №8

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі заяўляе, што інфармацыя пра галадоўку вязняў у жодзінскай турме №8 не адпавядае рэчаіснасці. Пры гэтым Дэпартамент выканання пакаранняў МУС прызнае, што на 27 кастрычніка чацвёра асуджаных, якія знаходзяцца ў турме №8, сапраўды адмаўляюцца ад прыёму ежы. 

Прычына такіх паводзінаў, паводле ДВП, заключаецца ў тым, што мужчыны не згодныя адбываць пакаранне ў камерах з сістэмай відэаназірання. "Усе чацвёра рэгулярна ядуць свае прадукты харчавання", — сказана ў паведамленні, размешчаным на сайце МУС.

Зняволеныя, якія трымаюць галадоўку, знаходзяцца пад пастаянным наглядам медперсаналу. Стан здароўя мужчын ацэньваецца як здавальняючы.

Па звестках праваабарончай арганізацыі "Платформа", у Жодзінскай турме №8 ужо 30 дзён галадаюць зняволеныя. Яны пратэстуюць супраць невыносных умоваў утрымання, іх сваякі збіраюцца звярнуцца з лістом да Лукашэнкі.

У МУС упэўніваюць, што вязні, якія трымаюць галадоўку, не проста дрэнныя, а вельмі дрэнныя. Відаць, таму не трэба спачуваць іх патрабаванням. "Усе чацвёра адбываюць пакаранні за цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы — вымагальніцтва з ужываннем гвалту; злоснае хуліганства; збыт наркотыкаў, у тым ліку непаўналетнім, у складзе арганізаванай групы асобаў; злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі. Яны прысуджаныя да доўгіх тэрмінаў пазбаўлення волі — ад 8 да 15 гадоў", — сказана ў паведамленні прэс-службы МУС.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі