МУС Беларусі будзе рыхтаваць "баявыя каманды" з ветэранаў спецназа
"Правядзем зборы і падрыхтуем баявыя каманды" / Ілюстрацыйнае фота sb.by
МУС Беларусі будзе рыхтаваць "баявыя каманды" з ветэранаў спецназа. Пра гэта заявіў намеснік міністра ўнутраных спраў, камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў. Ён наведаў урачысты сход іх асацыяцыі, прысвечаны яе 25-годдзю.
"І дзесьці гучаць пагрозы аб тым, што... могуць нам нанесці які-небудзь удар, уварвацца на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, альбо ў паўднёвым памежжы, альбо ў заходнім памежжы, ветэраны ўнутраных войскаў, ветэраны падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння гатовыя да выканання баявых задач, — цытуе словы Карпянкова тэлеканал СТБ. — Мы правядзем зборы, мы падрыхтуем баявыя каманды, якія ў выпадку ўварвання да нас сюды наймітаў нанясуць ім зруйнавальны ўдар і знішчаць іх у першых прыгранічных бітвах. Вось для гэтага мы сёння іх і сабралі".
На сходзе быў і былы міністр унутраных спраў Юрый Сівакоў, імя якога звязваецца са справай зніклых у 1999-м апазіцыйных палітыкаў. "І калі ўзнікне неабходнасць, то мы, напэўна, будзем у гэтых шыхтах, — казаў ён. — І галоўнае, каб усе разумелі, што ў Беларусі ёсць такая сіла, якая здольная ўстаць у поўны рост і, не прагінаючыся, супрацьстаяць... і нацыстам, і сатаністам".
Найчасцей пра планы беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне і палітэмігрантаў у краінах ЕС вярнуцца на радзіму з мэтай яе вызвалення кажа старшыня КДБ Іван Тэртэль. Па яго версіі, яны плануюць узяць пад кантроль адзін з раённых цэнтраў каля мяжы з Украінай, каб пасля "рухацца ў бок Мінска".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.