МУС Беларусі: Расійскіх паліцэйскіх не будзе на спартыўных і грамадскіх аб'ектах

МУС Беларусі: Расійскіх паліцэйскіх не будзе на спартыўных і грамадскіх аб'ектах

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі патлумачыла, чым будуць займацца расійскія паліцэйскія ў нашай краіне. Напярэдадні з'явілася інфармацыя, што яны прыедуць на буйныя спартыўныя спаборніцтвы — на час правядзення II Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе і чэмпіянату свету па хакеі ў 2021-м (ён пройдзе ў Беларусі і Латвіі). Адпаведнае рашэнне было прынятае на пасяджэнні Аб'яднанай калегіі міністэрстваў унутраных спраў саюзнай дзяржавы, якое прайшло ў Наваполацку.

Як інфармуе МУС Беларусі на сваёй старонцы ў Facebook, расійскіх паліцэйскіх не будзе на спартыўных і грамадскіх аб'ектах. Яны будуць аказваць выключна метадычную і кансультацыйную дапамогу пры арганізацыі спартыўных спаборніцтваў. Мяркуецца, што ў расіян ёсць досвед, атрыманы падчас правядзення буйных спаборніцтваў, таго ж чэмпіянату свету па футболе. І ўдзел паліцэйскіх з РФ "павысіць эфектыўнасць мераў па забеспячэнні грамадскага парадку, якія будуць прымацца". Між іншым "пэўная колькасць" паліцэйскіх будзе ў складзе аператыўна-сітуацыйных штабоў, задача якіх — каардынацыя дзеянняў і інфармацыйнае суправаджэнне падчас правядзення мерапрыемстваў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі