МУС праверыць дзеянні АМАПу, які збіў фанатаў у Баранавічах (відэа)
Заўзятараў паклалі тварам у зямлю. І нават калі яны не аказвалі супраціву, сілавікі наносілі ўдары рукамі і нагамі, кідалі юнакоў аб зямлю.
Міністэрства ўнутраных спраў праверыць дзеянні супрацоўнікаў АМАП, якія 3 траўня жорстка абышліся з футбольнымі фанатамі клуба “Баранавічы”. Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ў Следчым камітэце.
“Нам вядома аб падзеях, якія мелі месца 3 траўня ў Баранавічах на стадыёне “Лакаматыў” падчас правядзення футбольнага матча, — дае інфармацыю афіцыйная прадстаўніца УСК па Брэсцкай вобласці Марына Дранькова. — Аб тым, што здарылася, праінфармавана ўпраўленне ўласнай бяспекі МУС па Брэсцкай вобласці, якому даручана правядзенне праверкі. У выпадку ўстанаўлення прыкметаў складу крымінальна каранага дзеяння, матэрыялы будуць прынятыя да вытворчасці падраздзяленнямі Следчага камітэта ў адпаведнасці з кампетэнцыяй. Дзеянням удзельнікаў будзе дадзена юрыдычная ацэнка”.
Нагадаем, што інцыдэнт здарыўся 3 траўня перад матчам першай лігі чэмпіянату Беларусі “Баранавічы”—“Дняпро”. Як відаць на аматарскім відэа, амапаўцы паклалі фанатаў тварам у зямлю. І нават калі тыя не аказвалі супраціву, сілавікі наносілі ўдары рукамі і нагамі, кідалі юнакоў аб зямлю.
Дырэктар ФК “Баранавічы” Андрэй Кіпра не быў сведкам усяго інцыдэнту. Ён трапіў да месца здарэння, калі фанатаў ужо паднялі на ногі. З-за чаго распачаўся канфлікт, дырэктару распавялі прадстаўнікі фанацкай суполкі яго клуба.
Калі да стадыёна пад’ехаў аўтобус з фанамі магілёўскага “Дняпра”, некаторыя баранавіцкія адчулі небяспеку і кінуліся да ўваходнай брамы стадыёна. Выходзіць, на паратунак да міліцыі, якая не забяспечыла належныя меры бяспекі і не развяла фанатаў двух клубаў. Амапаўцы расцанілі сітуацыю “па-свойму”…
“Напэўна, у сітуацыі ніхто разбірацца не стаў. Адназначна непрыемная сітуацыя. Трэба разбірацца. Але прымаць такія сілавыя метады ў кожным разе няправільна”, — лічыць Кіпра.
Адзін з пацярпелых баранавіцкіх фанатаў распавёў падрабязнасці.
“Мы ладзілі агульны фанацкі збор каля кас у 14:00, нас было дзесьці 40 чалавек — большасць з іх непаўналетнія, — прыводзіць словы заўзятара “Наша ніва”. — З намі былі два міліцыянты, якія нас нібыта ахоўвалі. Праз нейкі час прыехаў мікрааўтобус з магілёўскімі фанатамі, яны высадзіліся каля стадыёна і накіраваліся да нас, гукаючы сваю крычалку “Ма-гі-лёў”. Нашы “малыя” напалохаліся, што зараз будзе бойка, і “ламануліся” да варотаў, якія ці то былі адчыненыя, ці то не вытрымалі націску. І ўжо за варотамі нас атачыў АМАП і пачаў збіваць. Білі моцна — у галаву, па нагах. Потым паставілі каля сеткі і пачалі “шманаць”. Пасля ўсіх завезлі ў ГАУС і прымусілі падпісаць паперку, што мы не маем прэтэнзій да дзеянняў міліцыі”.
У адказ на інцыдэнт кіраўніцтва ФК “Баранавічы” звязвалася з Федэрацыяй футбола. Адтуль паведамілі, што прымуць пэўныя дзеянні ў адказ.
“У Федэрацыі паведамілі, што будуць выходзіць на сувязь з міліцыяй. Нейкая гутарка ў кожным разе будзе праведзеная, каб у далейшым такога не паўтаралася”, — удакладняе дырэктар ФК “Баранавічы”.
У прэс-службе УУС Брэсцкага аблвыканкама пазіцыю міліцыі “пакуль не каментуюць і пра ход праверкі не ведаюць”.
У Баранавічах АМАП збіў футбольных фанатаў (фота, відэа)