МУС: Справа “Волны” яшчэ не скончаная!

У Пінску працягваецца справа “Волны”. Месяц — з 23 жніўня па 24 верасня — кіраўніцтва клуба хадзіла пад падазрэннем у фіктыўным працаўладкаванні гульцоў на прадпрыемствы горада. Але пасля таго, як “Волна” прадала ў брэсцкае “Дынама” Віталя Кібука і з атрыманых грошай добраахвотна кампенсавала страты, крымінальная справа ў дачыненні да футбольных функцыянераў была спыненая.

Так — ды не так. “Зараз праводзіцца дадатковая праверка. Таму пакуль што мы не можам даваць ніякіх каментароў, — паведамілі Еўрарадыё ў пінскім Упраўленні па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй. — Пытанне адкрытае. Дадатковая праверка — значыць, магчыма, будзе ізноў распачатая крымінальная справа. А, магчыма, і не. Зразумейце, зараз яшчэ нічога нельга сказаць напэўна”.

Дырэктар “Волны” Міхаіл Шаламіцкі ўдакладняе: “Нашых спонсараў — будаўнічыя арганізацыі — зараз сапраўды правяраюць. Высвятляюць, куды і як іх кіраўнікі выкарысталі фінансы, якія мы ім пералічылі. Узнікла таксама такое пытанне: чаму страты прадпрыемствам кампенсаваў клуб, а не самі футбалісты? Ну, калі ў гэтым бачаць парушэнне, мы вылічым грошы ў клубе з заробкаў гэтых хлопцаў”.

А заробкі ў пінскіх футбалістаў і так невялікія. Іначай не ўзнікла б неабходнасці шукаць для іх падпрацоўкі на прадпрыемствах, не звязаных са спортам. Да таго ж, калі грымнуў скандал, частка тых, хто падтрымліваў “Волну”, адвярнулася ад клуба. Працягвае Міхаіл Шаламіцкі:

"Мы падцягнулі жываты. Нейкі час не атрымлівалі харчаванне. Ад нас, як ад чумных, усе адышлі. Дапамогу знайсці было вельмі складана. Толькі зараз людзі пачалі дапамагаць, і мы намацалі выйсце з крызіснага становішча. Але спонсары, пакуль не закрыюцца гэтыя крымінальныя справы, ні капейкі на клуб не дадуць. Таму ў нас зараз спадзеў адзін — каб не кранулі гэтых кіраўнікоў".

Міхаіл Шаламіцкі лічыць падзеі, якія адбываюцца вакол “Волны”, паказальнымі.

“Гаворка пра тое, каб на прыкладзе “Волны” паказаць усім, што так рабіць больш нельга. То бок, можна “Волной” ахвяраваць. А насамрэч увесь беларускі спорт на гэтым стаіць, і яны самі з гэтым пагаджаюцца”.

Ва Ўпраўленні па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй з такой трактоўкай справы “Волны” не згодныя:

“Гэты працэс не паказальны. Не было ніякай замовы ці каб нехта сказаў нам, што на прыкладзе “Волны” трэба некаму нешта паказаць. Не! Проста ў Пінску службы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі атрымалі інфармацыю і пачалі праверку. Далей яны гэты матэрыял перадалі і ў Адміністрацыю прэзідэнта, і ў кіраўніцтва МУС. А такой задачы — зрабіць паказальны працэс — ніхто не ставіў”.

Пра вынікі праверкі можна будзе меркаваць праз два тыдні . Яшчэ два тыдні, якія “Волна” правядзе пад ціскам няпэўнасці. За час крымінальнага пераследу клуб згубіў некалькі месцаў у табліцы першай лігі беларускага футбольнага першынства. Пасля 25 тураў “Волна” з 29 ачкамі трымаецца на 10-м месцы. Столькі ж у “Вераса”. А ў “Славіі”, якая ідзе 9-й, — на 3 ачкі больш.

Фота: fotki.yandex.ru, сайт ФК "Волна".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі