Музыка “Старога Ольсы” збірае грошы на альбом ірландскіх карчомных песень
Беларускі вакаліст і мультыінструменталіст, удзельнік гурта Stary Olsa Алесь Чумакоў распачаў збор сродкаў на выданне альбома карчомных ірландскіх песень. На плытцы “Праўда ў віне” ірландскія гераічныя песні прагучаць у перакладзе на беларускую мову.
“Беларусь і Ірландыя шмат у чым падобныя. У першую чаргу падобныя сваім мінулым, сваім шляхам да незалежнасці, змаганнем за Свабоду, апяваннем у песнях сваіх Герояў і гістарычных падзей. Цікавы эфект атрымліваецца, калі ірландскія гераічныя песні перакласці на беларускую мову. Адразу чуецца рамантызм часоў Касцюшкі, з гонарам згадваюцца нашыя паўстанні XIX стагоддзя”, — кажа пра ідэю стварэння альбома Алесь Чумакоў.
Альбом ужо цалкам запісаны — грошы патрэбныя на яго выданне на кампакт-дысках. Усе аранжыроўкі зробленыя на традыцыйных ірландскіх інструментах: акардэоне, скрыпцы, флейтах, вістлах, банджа і іншых.
Рэліз “Праўды ў віне”, які будзе складацца з 14 трэкаў, запланаваны на 30 траўня.