“Мы дасягаем дна, а знізу грукаюцца”. Праз адукацыю беларусаў робяць прыгоннымі

Чыноўнікі плануюць рэформы, але каму ад гэтага будзе лепш?  / Фота: 1prof.by

Чыноўнікі плануюць рэформы, але каму ад гэтага будзе лепш?  / Фота: 1prof.by

— Мой сын паступіў на першы курс. І хоць балаў хапала на бюджэт, мы яго спецыяльна аддалі на платнае, каб яго потым не адправілі ў нейкі калгас. І мы будзем плаціць недзе паўтары тысячы долараў у год. Прыкінем, што ў групе 20 чалавек, — гэта атрымліваецца 30 тысяч долараў у год з адной групы. Колькі ж людзі плацяць, каб потым яшчэ і адпрацоўваць? — абураецца бацька першакурсніка, які сёлета быў залічаны ў адну са сталічных ВНУ.

Пасаж Лукашэнкі пра тое, што вышэйшая адукацыя ў нас толькі “напалову платная”, бацька аспрэчыў, не паспеў яго сын наведаць заняткі.

— Ва ўніверсітэце нам адразу сказалі: купляйце свае ноўтбукі, і мне давялося яшчэ тысячу долараў аддаць на ноўтбук. Бо камп’ютары ў кабінетах — са старажытнай Windows XP і загружаюцца па 10 хвілін. Такі хлам! І гэта маючы паўтары тысячы долараў у год з аднаго студэнта, — кажа бацька.

Што цяпер рабіць, сям’я яшчэ не вырашыла. Урэшце, пакуль гэта толькі размовы, афіцыйных рашэнняў яшчэ няма. Але бацька непакоіцца за будучыню сына і прадумвае план А і план Б.

— Можа, давучыцца, але не паедзе па размеркаванні і “зваліць” з дыпломам. Або ўвогуле кіне ўніверсітэт і не будзе атрымліваць дыплом, але веды ж застануцца — цяпер нікога не цікавіць дыплом, толькі досвед і навыкі. Бо пяць, сем гадоў адпрацоўкі — прабачце, але гэта прысуд для маладога чалавека. Усё жыццё наперадзе, ідзі па лесвіцы наверх! А плюс яшчэ год на армію пасля ўніверсітэта… І атрымаецца, што “дзіця” пачне рабіць кар’еру ў 30 гадоў! Гэта як? — задаецца рытарычным пытаннем суразмоўца Еўрарадыё.

“Бацькі маюць права вырашаць, як развіваецца школа”

У сацсетках ідэі размеркавання паставілі трапны дыягназ — “прыгоннае права”. Таццяна Шчытцова, дарадца Святланы Ціханоўскай па адукацыі, заўважае ў гэтым прагматычнае імкненне рэжыму забяспечыць сабе будучыню. “Матрыцы” патрэбныя людзі, якія будуць яе сілкаваць.

“Мы дасягаем дна, а знізу грукаюцца”. Праз адукацыю беларусаў робяць прыгоннымі
Адпрацоўка пасля ўніверсітэта – гэта спроба дзяржавы гарантаваць сабе падсілкаванне / Еўрарадыё

— І што тут сімптаматычна. Калі ўжо прыгоннае права, то на ўсіх узроўнях. Для мэтавікоў 5 гадоў недастаткова, давайце 7. Для бюджэтнікаў 2 гады — зусім нічога. І трэба ўвесці размеркаванне для платнікаў. Больш жорсткая палітыка размеркавання сведчыць пра тое, што нестае кадраў на розных кірунках. Нашаму грамадству і нашай эканоміцы крытычна нестае кадраў, і дзяржаўная сістэма не ў стане выпрацаваць палітыку, якая б прыцягвала і матывавала людзей укладацца ў гэтую сацыяльную сістэму. Імкненне закруціць гайкі — сутарга сістэмы, каб неяк забяспечыць сябе з сацыяльна-эканамічнага гледзішча. Людзі разглядаюцца як рэсурс для падтрымання і забеспячэння гэтага рэжыму, — разважае экспертка.

А яшчэ да таго як сістэма выгадуе сабе паслухмянага грамадзяніна, які будзе працаваць там, дзе яму скажуць, сістэме патрэбныя грошы тут і цяпер. І як бы ўлады ні хваліліся, што ў школ ёсць фінансаванне, дый і вышэйшая адукацыя платная толькі напалову, а астатняе бярэ на сябе дзяржава, грошай відавочна не хапае. 

— Калі бацькі са сваёй ініцыятывы ствараюць розныя камітэты пры школах, гімназіях, ліцэях, а таксама фонды, збіраюць грошы на розныя патрэбы для дзяцей, яны маюць права мець дачыненне да прыняцця рашэнняў наконт таго, як развіваецца школа. Лукашэнка хоча наўпрост выкарыстоўваць фінансы бацькоў без прызнання іх права голасу. Грошы давайце, права вызначаць адукацыйную палітыку ў вас няма. Гэта недапушчальна, — звяртае ўвагу дарадца Ціханоўскай.

“Паразмаўляйце з настаўнікамі”

Дык навошта ўвогуле Лукашэнка праводзіў гэтую нараду? Толькі дзеля таго, каб агучыць усе гэтыя шалёныя ідэі? Таццяна Шчытцова кажа, што такая мабілізацыя чыноўнікаў ад адукацыі была патрэбная для таго, каб суверэн мог упэўніцца, ці ўсё пад кантролем.

З другога боку, гэта сведчыць пра тое, што не ўсё добра з сістэмай адукацыі, з менеджментам. Нашы чыноўнікі не вельмі ініцыятыўныя, іх трэба весці за ручку і гаварыць, што трэба рабіць. Але яшчэ паказальна, што Лукашэнка, імаверна, сам разумее: нягледзячы на ўсе высілкі, гэтую галіну цяжка паставіць пад татальны кантроль, — разважае экспертка.

І ніякіх сістэмных праблем у адукацыі прапанаваныя чыноўнікамі ідэі не вырашаць. Так лічыць настаўнік, педагог, які шмат гадоў працаваў у сістэме Мінадукацыі.

— Праблема не ў тым, што нешта ідзе дрэнна. Праблема ў тым, што ўсе вузлы адукацыі дрэнна між сабой узаемадзейнічаюць, — ананімна каментуе рэзанансныя навіны выкладчык. — Мы вырашаем праблему з тым, што нібыта “не бачым вучня”, і я нават не ведаю, як яе збіраюцца вырашаць. У школе настаўнікі кожны дзень бачаць вучня, паразмаўляйце з настаўнікамі. Толькі не з пазіцыі сілы, і хай яны вам скажуць праўду. Тады пабачыце, што адбываецца з сістэмай адукацыі, і зразумееце, куды вас прывяла ваша савецкая школа. Каго мы рыхтуем і дзеля чаго.

— Калі б вас запрасілі на нараду, што б вы сказалі?

— Я б сказаў, што гэтая сістэма адукацыі не функцыянуе, яна памерла, і нам трэба ствараць новую. І нам — усім бакам, якія ўдзельнічаюць у сістэме адукацыі, — трэба дамовіцца, як яна павінна працаваць. Гэта бацькі, вучні, настаўнікі і дзяржава. У каго якія функцыі, хто мае які ўплыў. Пакуль мы нанава не перадамовімся, нічога плённага не адбудзецца. Цяперашняя сістэма не адновіцца, яна састарэла і трымаецца на жорсткай вертыкалі, для яе важная паперка, а не тое, што адбываецца насамрэч. І нічога добрага з гэтага не будзе.

— З адукацыяй можа быць яшчэ горш?

— Мы ўжо забыліся на выпадак з настаўніцай з Гомеля, якая за крэсла схапілася. Ці гэта ўжо не найгоршае? Я баюся прагназаваць, што можа быць горшым у адукацыі. Што можа быць горшым за тое, калі дзеці матам пасылаюць настаўнікаў? Калі настаўнікі выклікаюць міліцыю на дзяцей за іх пазіцыю? Падаецца, мы дасягаем дна, а знізу ўсё грукаюцца. Добрага чакаць не даводзіцца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі